14.10.2008 / 11:14

Лявон Баршчэўскі: Адзіны кандыдат — гэта немэтазгодна 31

Лідэр Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі дзеліцца сваімі думкамі наконт наступнай прэзыдэнцкай кампаніі.

Лідэр Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі дзеліцца сваімі думкамі наконт наступнай прэзыдэнцкай кампаніі.

«Наша Ніва»: Што мусіць рабіць апазыцыя падчас наступных прэзыдэнцкіх выбараў? Удзельнічаць ці байкатаваць?

Лявон Баршчэўскі: Прэзыдэнцкія выбары — гэта сытуацыя рэальнай зьмены ўлады. Трэба, безумоўна, да гэтай кампаніі рыхтавацца паўнавартасна. Але, як на мой погляд,

безь мінімальных зьменаў у заканадаўстве сэнс удзелу такіх выбарах можа прапасьці.
Парлямэнцкія выбары гэта чарговы раз пацьвердзілі. Прычым, зьмены патрэбныя ня толькі ў практыцы, але і ў заканадаўстве — адмена датэрміновага галасаваньня і дапушчэньне прадстаўнікоў усіх кандыдатаў у выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў. Канечне, было б добра і празрыстыя скрынкі, але гэта ня так важна. Пры невырашэньні двух першых пунктаў сапраўды можна задумацца пра байкот.

«НН»: Што будзе новага ў тактыцы апазыцыі падчас гэтых выбараў?

ЛБ: Я ўжо сёньня бачу, што аднаго кандыдату дакладна ня будзе. Будзе найменей два — умоўна кажучы, ад правага флянгу і ад левага. Трэба мабілізоўваць ня толькі свой электарат на выбары.

У нас 25 % грамадзян пастаянна галасуе за апазыцыю, хто б ад яе не ішоў. Але 25 % не выйграюцца выбары.
Трэба пастарацца сабраць людзей зь левага флянгу (магчыма, адкалоць частку пэнсіянэраў), а з другога боку — кансалідаваць досыць разрозьнены правы флянг. У суме можна было б нанесьці паразу сёньняшняму кіраўніку, што галоўнае, а не выйграць у першым туры. Зрэшты, гэта так бачыцца сёньня, як будзе складвацца праз два гады цяжка сказаць.

«НН»: Дык Вы аспрэчваеце магчымасьць, што апазыцыя можа пайсьці на выбары з адзіным кандыдатам?

ЛБ: Гэта ня толькі немагчыма, але і не мэтазгодна.

З адзіным кандыдатам мы ня зможам выйсьці за межы антылукашэнкаўскага электарату.
Трэба ж прапаноўваць нешта станоўчае. Калі ў межах АДС спрабуюць напісаць агульную праграму, то гэта выходзіць абсалютна невыразна і няясна. Яна пішацца, каб не пакрыўдзіць камуністаў, каб не пакрыўдзіць БНФ. І выходзіць невядома што. Клясычны прыклад — пасланьне АДС народу падчас парлямэнцкіх выбараў. Яно добра напісанае, але не чапляе. Прапаноўваюць кантроль за ўладай, а людзі ня вераць, што можна ажыцьцявіць кантроль за гэтай уладай, бо няма мэханізму. І гэта праблема.

«НН»: А зь якім пасланьне трэба ісьці да людзей?

ЛБ: Трэба зьвярнуцца да канкрэтнага чалавека. Гэта можа быць нешта кшталту «Беларус, павер у свае сілы». Сёньня аграмадныя ваганьні сярод людзей. Сацыёлягі паказваюць, што за апошнія паўтара месяца раптам вырасла колькасьць прыхільнікаў інтэграцыі з Расеяй. Прычым, вырасла працэнтаў на 15. Праз пару месяцаў можна чакаць чарговы газавы канфлікт, і лічба гэтая ўпадзе. Ад чаго гэта? Бо многія беларусы толкам яшчэ не ўсьведамляюць, чаго яны хочуць. І лічаць, што ад іх нічога не залежыць. Нам трэба пераконваць, што ад іх нешта залежыць, што яны не павінны баяцца быць самімі сабой. Ну гэта ўсё яшчэ трэба сфармуляваць у больш прывабным выглядзе.

«НН»: Вы кажаце больш пра нейкія абстрактныя рэчы. А як скарыстоўваць сацыяльныя, эканамічныя чыньнікі?

ЛБ: Безумоўна, без пэўнага эканамічнага спаду выбары ў сёньняшняй улады выйграць немагчыма. У залежнасьці ад маштабаў і крыніцы гэтага спаду можна будзе фармуляваць канкрэтныя лёзунгі. Тут можа быць шэраг прычын — і глябальны фінансавы крызыс, і нерэфармаваньне беларускай эканомікі. Гэта залежыць ад таго, што найбольш ударыць па людзях. А будзе біць, і праблемы эканамічныя будуць абвастрацца. Я не лібэрал па натуры, але лічу, што

ў нас толькі эканамічныя стрэсы могуць мабілізаваць людзей.

«НН»: Ці не падаецца Вам, што апошнім часам адбываецца перафармаваньне электаральнай базы апазыцыі? Як можна скарыстоўваць гэтую сытуацыю?

ЛБ: Ведаеце, усё гэта вельмі хістка. Мы зьбіралі подпісы за кандыдатаў у канцы ліпеня — пачатку жніўня. Многія пэнсіянэры насамрэч расьпісваліся за кандыдатаў ад БНФ. Потым жа высьветлілася, што ўладзе ў значнай ступені атрымалася мабілізаваць гэтых людзей зноў за сябе. Чаму? Бо пэнсіі былі паднятыя фактычна ў жніўні, але людзі рэальна іх атрымалі толькі ў верасьні. Пакуль мы не пераканаем больш актыўную частку насельніцтва, што ад іх нешта залежыць, зьменаў ня будзе.

«НН»: Што можна супрацьставіць звычцы людзей ісьці на датэрміновае галасаваньне?

ЛБ: Па маіх візуальных назіраньнях такая звычка прысутнічае толькі ў найбольш сталых выбарцаў, але яны ня большасьць. У нас любяць гаварыць, што апазыцыя ў краіне нікчэмная. Такі тэзіс, на жаль, прапагандуецца і прымаецца на Захадзе. Калі нават узяць афіцыйныя вынікі за кандыдатаў ад БНФ на гэтых выбарах, то сярэдняя лічба ў раёне 12—13 %. То бок, калі б выбары былі па партыйных сьпісах, то Партыя БНФ самастойна б праходзіла ў парлямэнт. Чаго ня можа дамагчыся СПС у Расеі. Нават у такіх антыдэмакратычных умовах у нас ёсьць свая электаральная база.

Я абсалютна перакананы, што Іван Шэга ў Слоніме выйграў выбары, гэта жалезна. І яшчэ некалькі чалавек былі блізкія да выйгрышу.

«НН»: Калі Вы кажаце пра двух кандыдатаў, то якім чынам можа быць вызначаны кандыдат ад правага флянгу?

ЛБ: Я думаю, што гэта павінна быць справа беларусаў, а ня нейкіх дзядзяў у аналітычных цэнтрах у замежжы. Гэта мусіць быць той, хто найлепш праявіць свае кансалідацыйныя якасьці. Пачынаючы ад 2001 году, на жаль, вырашальным аказваўся голас не беларусаў знутры, а замежнікаў. Ня хочацца, каб гэта чарговы раз паўтарылася.

«НН»: Як ідуць справы з вылучэньнем фронтаўскага кандыдату?

ЛБ: Працэс ідзе. Але, відаць, будзе падоўжана яшчэ на месяц. Наколькі ведаю, то толькі

менская арганізацыя пасьпела правесьці сход, дзе былі названыя чатыры прозьвішчы — Баршчэўскі, Садоўскі, Вячорка і Заблоцкі.
Перакананы, што будуць новыя прозьвішчы.

«НН»: Дык Вы гатовыя ісьці на выбары?

ЛБ: Я па сваёй сутнасьці змагар. Калі ўдасца знайсьці адпаведныя рэсурсы, то я пакажу, як трэба змагацца на выбарах.

Гутарыў Зьміцер Панкавец

0
Яблык з саду Лукашэнкі / Адказаць
14.10.2008 / 11:47
"Трэба пастарацца сабраць людзей зь левага флянгу"... Куды сабраць? Дык усё ж як сабраліся перамагаць маючы 25%, спадар летуценьнік? Кандыдат-партыец -- мёртвы кандыдат для электарату. Вы гэта яшчэ ня ўцямілі?
0
Яблык - 2 / Адказаць
14.10.2008 / 12:00
Кандыдат-партыец -- мёртвы кандыдат для электарату. Ды яшчэ ад партыі БНФ.
0
Леся / Адказаць
14.10.2008 / 12:15
Разумны дзядзька гэты Баршчэўскі! Вельмі да часу ён вярнуўся да кіраўніцтва БНФ. Рэспэкт за здаровыя развагі!
Паказаць усе каментары/ 31 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру