Былы дырэктар дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы ў Кіраўску стаў фігурантам крымінальнай справы. Яго падазраюць у незаконным прэміраванні сына, падначаленых работнiкаў і самога сябе, паведамляе МУС Беларусі.

Пра тое, што 59-гадовы кіраўнік падпісваў несапраўдныя дакументы аб заахвочваннях, абыходзячы іх ўзгадненне з мясцовым райвыканкамам і прафкамам ўстановы, стала вядома аператыўнікам Кіраўскага РАУС.

— Злачынная дзейнасць падазраванага працягвалася з 2014 па 2016 гады. За гэты час зламыснік сфабрыкаваў больш за 30 загадаў аб прэміраванні галоўнага бухгалтара і свайго сына, які працаваў інструктарам-метадыстам. Ім было налічана больш як 7 тысяч рублёў. Таксама ў спісах незаконна заахвочаных рэгулярна з'яўлялася прозвішча і самога кіраўніка. Часам яго прэміі даходзілі да 1000-1500 рублёў, што значна перавышала зарплату. Не выпускаў дырэктар і магчымасць прызначаць сабе павышаную надбаўку, — распавялі ў УУС Магілёўскага аблвыканкама.

Перыядычна ў лік шчасліўчыкаў ўваходзілі і іншыя работнікі, з якімі падазраваны знаходзіўся ў прыяцельскіх адносінах. У выніку амаль за тры гады было прысвоена больш за 40 тысяч рублёў.

Следства кваліфікавала дзеянні кіраўніка па ч.3 арт.426 («Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў»), па якой яму пагражае аж да 10 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0