Токар з Ляхавічаў захоўваў на працы самаробны карабін, паведамляе БелТА.
Праваахоўнікі падчас ператрусу па месцы працы 56-гадовага мужчыны, які працаваў на адным з прадпрыемстваў токарам, выявілі карабін і два глушыцелі.
Для высвятлення, ці з'яўляецца зброя агнястрэльнай, была прызначаная балістычная экспертыза. Даследаванне паказала, што вінтоўка выраблена самаробным спосабам з выкарыстаннем завадскога абсталявання і з'яўляецца агнястрэльнай зброяй, якая прыдатная для стральбы. Глушыцелі таксама выраблены самаробным спосабам.
Упраўленне Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці распачала крымінальную справу па ч.2 арт.295 КК (незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў). Раней дома ў фігуранта была канфіскавана літаратура па вырабе зброі.