Кіраўнік «Еўрапейскай Беларусі», экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта і былы палітвязень Андрэй Саннікаў выступіў з артыкулам адносна святкавання 25 Сакавіка Дня Волі. Саннікаў, як і «Хартыя-97», выступаў за правядзенне вулічнай акцыі на Дзень Волі. Цяпер Андрэй Саннікаў жыве па-за межамі Беларусі.

Найперш палітык піша, што пасля затрыманняў Статкевіча, Някляева, Сіўчыка ў яго балела сэрца.

«А як жа канцэрт? Бо людзям хочацца хоць у такой форме аддзяліць сябе ад гэтай шэрасці. Не, канцэрт павінен быць. Гэта будзе добра. Ён будзе не зусім сапраўдным, але хай ён будзе. Хай будуць сцягі, няхай будуць сем'і. Так, сем'і — гэта важна», — адзначае Саннікаў.

Што тычыцца дзясяткаў затрыманых людзей на плошчы Якуба Коласа, то кіраўнік «Еўрапейскай Беларусі» называе гэта «маўклівай і роспачнай рашучасцю беларусаў». Канцэрт паглядзець Саннікаў прызнаецца, што не змог, бо, відаць, «уключаў у самыя няўдалыя моманты, калі хацелася адразу выключыць».

Андрэй Саннікаў перакідвае масток з 2018 на падзеі 2010. На яго думку, тады ўсё стала відавочным. «Што спрытнякам схавацца не ўдасца. Што стукачы, якія засвяціліся асабліва ў першыя дні снежаньскага вар'яцтва дыктатара, не маюць права на прысутнасць у палітыцы на баку беларусаў. І ўсё роўна, як і калі здарыўся момант злому або вярбоўкі, яны павінны былі проста сысці ў нябыт». Канкрэтных імёнаў палітык не называе.

Цяпер жа, на ягоную думку, гэта «група незразумелых асобаў стала самай заўважнай камандай у абслугоўванні Лукашэнкі ў апазіцыйным асяроддзі». «Пасля невялікага перапынку яны сталі ньюсмейкерамі ў большасці «незалежных» СМІ. Тут нават не трэба ўдавацца ў падрабязнасці. Па-мойму, абсалютна відавочна, што яны з сябе ўяўляюць і што яны працуюць як адна каманда. Зладжана, часам творча абслугоўваюць сваіх гаспадароў», — піша Саннікаў.

Што тычыцца дыскусіі адносна правядзення Дня Волі, то Саннікаў называе яе «драматургічна цікавай». «Але потым аказалася, што частка тых, хто спрачаўся, была акцёрамі і была ў курсе сюжэта, дакладна ведала свае ролі, а другая кепска разумела, што адбываецца, нервавалася і зрывалася з-за гэтага неразумення. Усё таму, што ў нейкі момант Беларусь, як такая, у прыхільнікаў канцэрта проста знікла з абмеркавання. Гэта, канечне, было зроблена па-майстэрску. Асобы, якія незразумела адкуль узяліся на аргкамітэце, сталі галоўнымі героямі і далі ўсім зразумець, што яны ўжо дамовіліся з рэжымам аб канцэрце», — лічыць палітык.

«А потым каманда падтанцоўкі стала прадаваць усю гэтую шнягу як канфлікт пакаленняў. Я быў за канфлікт пакаленняў. Калі б ён меў месца, ён быў бы вельмі дарэчы. Але нічога падобнага няма. Ёсць «ментаўская пракладка», як гэта называюць на зоне», — катэгарычны ў ацэнках Саннікаў.

«Група маладых людзей, для мяне незразумелых, выканала функцыі падраднай фірмы па арганізацыі масавых мерапрыемстваў дазволенага тыпу. Група штучна раскручанай падтанцоўкі забяспечыла як бы палітычнае прыкрыццё гэтага мерапрыемства. Але прычым тут апазіцыя?»

«Усё было б нядрэнна, калі б праз арганізатараў канцэрта быў усталяваны хоць нейкі канал камунікацый з рэжымам для абмеркавання пераменаў. Але пакуль яны служаць толькі для рэтрансляцыі распараджэнняў улады. Пакуль гэта ўсяго толькі выпускны клапан», — падводзіць вынік Саннікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?