Вярхоўны старшыня Эўрасаюзу па міжнароднай палітыцы Хаўер Салана паведаміў, што бліжэйшым часам у Беларусь накіруецца місія ЭС для разьвіцьця палітычных і эканамічных стасункаў. Заява была зробленая ўчора ў Люксэмбургу па выніках сустрэчы зь міністрам замежных справаў Беларусі Сяргеем Мартынавым.

«Місія мае на мэце ацаніць, як мы можам разьвіваць стасункі зь Беларусьсю», — сказаў эўрапейскі дыплямат.

Мартынаў выказаў задаволенасьць дасягнутым на пасяджэньні міністраў замежных справаў Эўрасаюзу вынікам. «Беларусь гатовая разьвіваць прадуктыўныя адносіны з Эўрасаюзам. Мы гатовыя працаваць у гэтым кірунку», — кажа С.Мартынаў.

Нагадаем, што ў панядзелак міністры замежных справаў краінаў ЭС пагадзіліся прыпыніць на паўгоду візавыя абмежаваньні, накладзеныя на Аляксандра Лукашэнку і ягоных падначаленых.

У сьпісах невыязных засталіся пяцёра чыноўнікаў, якія на думку эўрапейцаў, могуць быць датычныя да зьнікненьня апанэнтаў улады, а таксама фальсыфікацыі выбараў — старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў, былы камандзір брыгады спэцназу Дзьмітры Паўлічэнка, былы кіраўнік Рады бясьпекі Віктар Шэйман, а таксама былы міністар унутраных справаў Юры Сівакоў..

У аўторак прэс‑сакратарка вярхоўнага прадстаўніка Хаўера Саланы Крысьціна Галах заявіла ў інтэрвію агенцтву БелаПАН, што ЭС і Беларусь «разгарнулі новую старонку ў гісторыі адносінаў, але з боку Менску яна павінна быць запоўнена паляпшэньнямі ў важных сфэрах, у прыватнасьці праз выкананьне 12 рэкамэндацый Эўрасаюзу».

Учора Мартынаў таксама меў сустрэчы з чыноўнікам Эўракамісіі, высокім дыпляматам Францыі, якая старшынствуе ў ЭС, а таксама прадстаўніком наступнага старшыні ЭС — міністрам замежных спраў Чэхіі Карэлам Шварцэнбергам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?