Юлія Саладкевіч расказвае, што эпізод зь «Белоруссией» не быў пастаноўкай, піша Радыё Свабода.

11-гадовая Насьця Ванеева стала вядомай на ўсю Беларусь 1 красавіка, калі расейскі Першы канал паказаў яе выступ у адным з тэлешоў. Вядучы Максім Галкін прадставіў Насьцю як музыку зь «Белоруссии», на што атрымаў адлуп.

«Правільна казаць «зь Беларусі»», — патлумачыла яму дзяўчынка. «Насьця са СмОргані», — спрабаваў ціснуць Галкін. «Са Смаргоні», — зноў паправіла яго беларуска.

Ролік умомант стаў вірусным, яго распаўсюдзілі ўсе асноўныя беларускія сайты. Свабода даведалася, што Насьця Ванеева ўжо пяць гадоў займаецца цымбаламі ў смаргонскай мастацкай школе імя Агінскага.

«Яна яшчэ на рэпэтыцыі яго паправіла, — расказвае Свабодзе маці Насьці Юлія Саладкевіч. — Гэта не было пастаноўкай. Імправізацыя. Насьця пачала яшчэ перад выступам папраўляць, а ён усё адно «Белоруссия» сказаў. Ну вось яна яго зноў вырашыла паправіць».

Мама Насьці кажа, што шоў увогуле было максымальна набліжанае да выступу на канцэрце. Насьця ўпершыню бачыла сьпявачку, зь якой даводзілася выступаць. Імправізавала ня толькі ў дыялёгах з Галкіным, але і ў музычным пляне.

«Насьцю проста ўбачылі ў інтэрнэце, пазванілі нам, запрасілі паўдзельнічаць, — працягвае Юлія Саладкевіч. — Цяпер я чытаю водгукі на расейскіх сайтах, там пішуць, што яна высакамерная, самаўпэўненая… На самой справе Насьця сьціплая, у яе заніжаная самаацэнка. Яна стаяла там за заслонай, баялася вельмі. Гэта толькі так здаецца, што яна такая дзёрзкая. Магчыма, проста такая абарончая рэакцыя. Вось вы мне расказваеце пра тое, што ў інтэрнэце станоўчыя водгукі, але на расейскіх сайтах іншыя».

Насьця, акрамя цымбалаў, таксама захапляецца маляваньнем і лепкай, у школе вучыцца выключна на «выдатна». «У яе працоўны дзень круцейшы, чым у дарослых, — кажа мама Насьці. — Часам нават паесьці не хапае часу. Усё бягом і бягом».

Юлія Саладкевіч таксама расказвае, што яе дачка ня першы раз удзельнічае ў тэлевізійных шоў. Раней езьдзіла ва Ўкраіну, дзе таксама вучыла вядоўцаў вымаўляць назву сваёй краіны правільна.

«Чаму яна Галкіна вырашыла паправіць? Ну ў нас жа краіна называецца Рэспубліка Беларусь, — гаворыць Юлія Саладкевіч. — Таму «Белоруссия» рэжа слых. І Насьці таксама. Яна ўжо не ўпершыню так робіць. Былі ва Ўкраіне на тэлешоў «Круцей за ўсіх», там таксама папраўлялі, яшчэ на рэпэтыцыі. Але ўкраінцы адразу выправіліся і больш «Белоруссия» не гаварылі. А вось у Расеі вырашылі пакінуць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?