02.04.2018 / 14:40

Трагедыя беларуса-бюджэтніка ў адной абсурднай гісторыі: «Я парушу закон альбо згублю працу праз нявыкананы план?»  10

Базар у райцэнтры. Ілюстрацыйнае фота.

Нядаўна на старшыню сельсавета пад Амсціславам завялі крымінальную справу — жанчына складала на вяскоўцаў пратаколы, якія часам сама і аплочвала. А ўсё таму, каб яе саму не пакаралі за бяздзейнасць.

Пасля гэтай гісторыі ў «Нашу Ніву» звярнуўся яшчэ адзін супрацоўнік бюджэтнай сферы, які распавёў, што таксама стаіць перад складаным выбарам: альбо выканаць план, альбо застацца без працы.

Антон (імя змененае па просьбе суразмоўцы) жыве ў адным з райцэнтраў. Працуе ў інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін. Такія арганізацыі існуюць у кожным раённым цэнтры (яны падпарадкоўваюцца абласным інспекцыям, тыя — рэспубліканскай).

«Кожнай інспекцыі даводзіцца план па платных паслугах. Насенняводы правяраюць дакументы на насенне, інспектары аховы раслін правяраюць атруту, якую выкарыстоўваюць у сельскай гаспадарцы супраць насякомых.

Я працую ў інспекцыі па каранціне. Мая справа — праверка і афармленне дакументаў на садавіну і гародніну, якую павязуць за мяжу. Звычайна гэта робяць арганізацыі ці іпэшнікі, але ж мне іх не залічваюць. Па плане я павінен прадаставіць платныя паслугі фізічнай асобе — то бок звычайнаму чалавеку, які павязе, напрыклад, бульбу за мяжу.

У мяне павінен быць мінімум адзін такі кліент на месяц, — тлумачыць Антон. — Але ў гэтым крыецца вялікая праблема. Бо звычайныя людзі ні садавіну, ні гародніну за мяжу не вывозяць — бо гэта ім не трэба».

Прычым, падкрэслівае суразмоўца, той кліент мусіць везці больш за 15 кілаграмаў садавіны ці гародніны. Бо калі менш, то дакументы афармляць не трэба.

Такога кліента, сцвярджае Антон, у райцэнтры знайсці проста немагчыма.

«Напрыклад, вы везяце бульбу. Па-першае, вам яшчэ летам трэба зрабіць аналіз глебы, гэта 10 рублёў. Пасля ў абласным цэнтры праверыць бульбу на вірусы (у раённых гэты аналіз не робяць). Тое яшчэ рублёў 10—12. Пасля вы прыйдзеце да мяне з усімі даведкамі і каля 50 рублёў заплаціце за сертыфікат, які дазваляе вывезці вашу бульбу за мяжу (такі сертыфікат выдаецца адзін на машыну, няважна, якая маса грузу, хоць 20 кілаграмаў, хоць 20 тон). Затым чалавек прыедзе на рынак, там яму трэба таксама заплаціць… Ну і ў выніку ніхто гэтага не робіць, — паціскае плячыма Антон. — У нашым раёне ёсць некалькі іпэшнікаў, але па плане мусіць быць аформленая яшчэ ж фізічная асоба — а яе няма. Ну проста няма. За месяц ніхто не звярнуўся».

Не звяртаюцца людзі, мяркуе Антон, бо везці бульбу ў тую ж Расію проста нявыгадна.

«У нас прымушаюць мясцовае райпа ездзіць у Расію — здаецца, два разы на год яны мусяць удзельнічаць у сельскагаспадарчых кірмашах. Райпа мае свой план па экспарце, таму вымушанае ездзіць. Яны афармляюць дакументы, плацяць кіроўцу, прадаўцу суткавыя… Выгадныя такія паездкі не заўсёды, але ж выбару няма. План ёсць план, райпа мусіць ехаць», — кажа Антон.

«Нам план па фізічных асобах давялі нядаўна. Паведамілі, што ў сакавіку мусіць быць мінімум адзін такі кліент. Калі план не выканаеш, на наступны месяц сядзіш за свой кошт — бо значыць, што працы няма і ты сам яе сабе не шукаеш. —

І вось я думаў ужо сам заплаціць тыя 50 рублёў, каб не сядзець пасля без працы… Заробак у мяне 300—400 рублёў, можа, і невялікі, але лепш такі, чым ніякага. Але не ведаю, як аформіць дакументы і на каго. Сертыфікат — гэта бланк строгай справаздачнасці, сур’ёзны дакумент… І не ведаю, ці магу яго проста так, «у пустату» выдаць, і што будзе са мной, калі хтосьці даведаецца. І што гэта будзе — падробка дакумента і парушэнне закона? Ці не?

Да таго ж, што, мне цяпер прыйдзецца штомесяц плаціць самому? І выпісваць ліпавыя даведкі самому сабе?»

Акрамя таго, па словах Антона, трэба шукаць і іншых кліентаў. Кажа, начальства патрабуе, каб мінімум два чалавекі, якія гандлююць у райцэнтры, звярнуліся да яго для праверкі гародніны.

«І ў выніку нас прымушаюць ганяць на мясцовым рынку бабулек, якія гандлююць расадай, каб яны афармлялі ў нас дакументы: правяралі сваю зямлю, рабілі патрэбныя аналізы. Канечне, ім гэта зусім не трэба, — кажа Антон. — Плюс яшчэ праблема: у нас па платных паслугах прагрэсіўная сістэма. Гэта значыць, што калі мы летась зарабілі на платных паслугах умоўныя 100 рублёў, то сёлета мусім зарабіць 150. Але гэта немагчыма. Бо колькасць гаспадарак у раёне не расце, вёскі выміраюць. Адпаведна, не расце і колькасць зваротаў да нас. Адкуль тады нам узяць грошы, калі паслугі патрэбныя толькі тым самым людзям? Невядома».

У галоўнай рэспубліканскай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін словы Антона абвяргаюць.

«Ніякіх планаў нікому не даводзіцца, бо іх проста не існуе. Прадастаўленне платных паслуг адбываецца па заяўным прынцыпе — ёсць кліент, значыць прадастаўляюцца паслугі. А калі кліента няма, то ніякага пакарання для работніка інспекцыі быць не можа. Гэта выдумка вашага суразмоўцы», — запэўніў «Нашу Ніву» Аляксандр Піскун, дырэктар рэспубліканскай інспекцыі.

УШ

0
ўантуфры / Адказаць
02.04.2018 / 15:04
Раённае Спажывецкае Таварыства - РайСТ. Я сам працаваў у сістэме, іншай, і скажу шчыра - такая палітыка - давядзенне незразумелых паказнікаў "праз німагу" - гэта прызнак дэградацыі сістэмы і яе хуткага канца. Як мне падаецца, самая галоўная задача раённікаў - забяспячэнне выбараў, а ўсё астатняе - як прыдзецца. Па тэлевізару набрэшуць пра 100500 скошаных гектараў і 100500 зжатых тон жыта, а потым хлеб даражэе.
0
Віктар Малочка / Адказаць
02.04.2018 / 15:21
«Ніякіх планаў нікому не даводзіцца.....Гэта выдумка вашага суразмоўцы», — запэўніў «Нашу Ніву» Аляксандр Піскун, дырэктар рэспубліканскай інспекцыі."  И хочацца яму "верыць"! Бо ,таксама ж, няма пабораў з бацькоў у садках/школках,няма прымусовай падпіскі на розныя дзяржаўныя газэты,няма прымусу на розных выбарах,няма прымусу на суботніках ,няма,ніякага, прымусу, калі грамадзяне едуць па восені збіраць ураджаў буракоў,льну,кукурузы і г.д. Усё дабраахвотна?
https://nn.by/?c=ar&i=207385
0
Centurion / Адказаць
02.04.2018 / 16:21
Тое самае ў адукацыі на школьным і дашкольным узроўні: настаўнікі самі закладваюць грошы, каб выканаць пляны.
Паказаць усе каментары/ 10 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру