Гэта — прафесійны слэнг супрацоўнікаў НКВД: «осведом» значыць «осведомітель», пазаштатны памагаты, агент, той, хто сочыць і дакладаецца.

Так ён называецца ў дакументах НКВД, а ва ўспамінах тых беларусаў, да якіх былі прыстаўленыя «осведомы», існавала іншае слэнгавае слоўца: «сачок», «сачком» — ад слова «сачыць» і з дадаткам, узятым са слоў «нарком», «рэўком».

 

З выступу Наркама ўнутраных справаў СССР Мікалая Яжова перад курсантамі НКВД 11 сакавіка 1937 г.

«У нас асведаміцельская сетка і цяпер вельмі шырокая … Часам яна налічвала мільёны людзей. … Для любой капіталістычнай дзяржавы мець інфарматараў было цэлай праблемай, бо не кожнага можна было ўзяць у якасці інфарматара … У нас жа кожны згаджаецца быць інфарматарам.

«У нас асведаміцельская сетка і цяпер вельмі шырокая … Часам яна налічвала мільёны людзей. … Для любой капіталістычнай дзяржавы мець інфарматараў было цэлай праблемай, бо не кожнага можна было ўзяць у якасці інфарматара … У нас жа кожны згаджаецца быць інфарматарам.

Вярбоўка агентуры павінна быць самая разнастайная, напрыклад: заблытаць яго ў якіх-небудзь справах, можна і крымінальную справу стварыць, маецца маса магчымасцяў для гэтага. Вы павінны стварыць такія ўмовы і асяроддзе, пры якіх ён сам да вас у лапы палезе … Важна з яго высмактаць усе матэрыялы, якія ён можа даць … Трэба агента інструктаваць, як мага часцей даваць напрамкі, што вас цікавіць, калі ж вы самі не будзеце цікавіцца, то агент сам нічога добрага вам не дасць … Важна выхаваць агента, умець выдрапаць тое, што трэба, а не абязлічваць агента, ня камандаваць ім. Даць магчымасць, каб у яго было нейкае задавальненне. Грошы грашыма і яшчэ сёе-тое трэба для душы».

 

У крамольным вершы «За ўсе краі, за ўсе народы свету» Уладзімір Дубоўка піша:

Прыціх наш край: ад гутарак аскома…

Прыціх наш край: маўчаць, усе маўчаць.

Свабодай карыстаюцца сачкомы,

Каб тых, хто мысліць, у астрог саджаць.

«Яму ўсюды здаваліся сачкі», — успамінала пра Дубоўку Стася Плашчынская, жонка Язэпа Пушчы.

Пра «сачкаманію» пісаў у 1930-м у сваіх паказаннях па справе «Саюза вызвалення Беларусі» паэт Алесь Дудар: «Нельга не спыніцца на так званай «сачкаманіі», якая панавала ў кругу партыйцаў. Грунтавалася гэта, наколькі я мог судзіць, на тым, што партыйцы-беларусы, наогул прызнаючы працу ГПУ неабходнейшай, лічылі, што ГПУ перагінае палку, не выпускаючы і іх з поля зроку; лічылі, што ГПУ цікавіцца такімі дробязямі, як звычайная таварыская выпіўка камуністаў, якія аніякіх палітычных ухілаў за сабой ня ведаюць. Асабліва хваравіта праяўлялася «сачкаманія» у Адамовіча… Чарот даводзіў, што, на яго погляд, кожны камуніст павінен быць «сачкомам», г.зн., што кожны камуніст павінен аказываць дапамогу ГПУ. З гэтым збольшага ўсе згаджаліся, але рэшткі дробнабуржуазнай этыкі, якая ў большай ці меншай ступені гняздзілася ў кожным, прымушалі адносіцца да разуменьня «сачком» пагардліва і з непрыязню. Нават мяне, здаецца, ледзь не лічылі «сачкомам».

 

Тры агенты ў адным застоллі

Глядзіце, як працавалі «осведомы».

У архіўнай справе, якая адлюстроўвае «кіпучую работу» асобага аддзела НКВД 4-й мехбрыгады Бабруйска (НАРБ, ф.34, воп.4, спр.16), ёсць і такая справаздача. «28 жніўня падчас выпіўкі на кватэры Урбан, які адбыў у камандзіроўку, у прысутнасці жонак Шахурдзіна і Панова, якія адбылі ў камандзіроўку, і ардэнаносца ст.лейтэнанта Шабехіна, Арман на працягу некалькіх гадзін расказваў і адказваў на пытанні жанчын пра падрабязнасці свайго перабывання ў Іспані і пра дзеянні ўсіх асобаў, якія адбылі туды ж з 4 мехбрыгады. Размову Армана, паводле нашых звестак, падслухоўваў адзін з вайскоўцаў, які знаходзіўся ў гэты час на вуліцы каля акна кватэры Урбан. Прозвішча вайскоўца высвятляем».

Уявіце сабе: адзін «осведом» сядзеў сярод бяседы, яшчэ адзін — невядомы асабістам — падслухоўваў пад акном, а трэці назіраў за тым, хто падслухваў.

 

«Зоркі» працуе без адпачынкаў

Агентурная гаспадарка асобага аддзела 4-й мехбрыгады, што стаяла ў 1937 годзе ў Бабруйску, была дужа вялікай: ажно 72 агенты на трох асабістаў. У дакументах «осведомы» ніколі не фігуруюць з чалавечымі імёнамі — толькі псеўданімы: «Вока», «Зоркі», «Хітры», «Ціхі», «Марыя», «Урал»…

Як толькі чалавек пападаў у поле зроку асобага аддзелу, да яго адразу ж «прымацоўваўся» асобны «осведом».

Вось аналітычная запіска менскіх асабістаў, якія правяралі дзейнасць сваіх бабруйскіх калег: «У вытворчасці ОО ГУГБ НКВД пры 4 мехбрыгадзе знаходзіцца 11 агентурных прапрацовак на контррэвалюцыйны трацкісцкі элемент. З іх, як вартыя найбольш сур'ёзнай увагі, намі ўзяты на асаблівы ўлік:

  1. Цітоў Мікалай Якаўлевіч — пам.нач.штаба навучальнага батальёна, у 1928 г. прымыкае да контррэвалюцыйнай трацкісцкай апазіцыі. Распрац.асвед. «Дзянісаў».
  2. Дуднікаў Валянцін Іванавіч — камандзір узвода 1 танкавага батальёна, які меў у 1931—32 гадах у бытнасьць у Саратаўскай ВТШ сувязь з трацкістамі. Распрац.асвед. «Урал».

Аднак Асобым Аддзелам 4 м.б. для актывізацыі іх распрацоўкі нічога не робіцца…

Такая ж карціна стану распрацовак і астатняга контррэвалюцыйна-трацкісцкага элемента:

  1. Жарабцоў Данііл Нічыпаравіч — аўтатэхнік РВБ, акрамя трацкісцкай праяў мае сваяцкія сувязі за мяжой. Асведаміцелем зусім не забяспечаны, а распрацоўваецца «Гуравым», які не заслугоўвае ніякага даверу…
  2. Саранчык Яўген Аляксеевіч - танкатэхнік, быў звязаны з асуджаным трацкістам Лоскутам, распрацоўваецца осведомам «Арляня»…
  3. Курцэр Леў Барысавіч - камандзір узвода 2 танкавага батальёна, акрамя трацкісцкай выказванняў праяўляе нац.шавіністычныя настроі. Распрацоўваецца асвед. «Ціхі»…
  4. Бялінскі Юрый Сямёнавіч - камандзір узвода танкавага батальёна. Распрацоўваецца асвед. «Зоркі» і «Макетаў»…
  5. Дайнека Аляксандр Іванавіч - заг.рэчскладам батальёна баявога забеспячэння. Распрацоўваецца осведомам «Батрак»…
  6. Сальнікаў Мікалай Андрыянавіч - малодшы камандзір РВБ. Распрацоўваецца асведам. «Гром»…
  7. Грышакоў Фёдар Іосіфавіч - камандзір танка 24 танкавага батальёна. Распрацоўваецца асвед. «Ветка»…
  8. Себікаў Максім Рыгоравіч - малодшы камандзір 4 батальёна. Распрацоўваецца асвед. «Машыніст».
  9. Варановіч Аляксандр Пратасьевіч - камандзір вежы 1 батальёна. Матэрыялы дасланыя на люты-сакавік 1936».

Звярніце ўвагу на «осведома» пад псеўданімам «Зоркі»: надзвычай актыўны таварыш. Акрамя справаздач на вайскоўцаў 4-й мехбрыгады, у справе ёсць яго данясенні, прыкладам, з гораду Сянно «пра крадзяжы ў калгасе імя 11 з’езда БССР Вашага раёна». Пэўна, «Зоркі» з’ездзіў на вёску да сваякоў і не здолеў там спакойна адпачываць, калі Радзіма ў небяспецы.

А вось яшчэ — ён жа: «Сакрэтна. У Сенненскім раёне Расненскі с-савет в. Краснае Сяло пражывае грамадзянка Лебедзева Алена Антонаўна, з сялян, апошняя праводзіць сярод насельніцтва вялікую працу па ўкараненні рэлігіі, г.зн. чытае біблію, кнігі, яе кватэру наведвае шмат жанчын, асабліва моладзь. Пацвердзіць гэта можа Багушэўскі Васіль, які ў лісце, дасланым Конанаву, пісаў пра тое, што ён наведвае кватэру Лебедзева і яна ім чытае кнігі законы божыя і біблію. Акрамя Багушэўскага могуць пацвердзіць: Ляшук Антон, Ляшук Іван і Ягорава Фёкла… 25.03.1937».

 

«Хто ж гэта казаў?»

Іншым разам «осведому» трэба было ледзь не галавой аб сценку біцца, каб здабыць патрэбныя звесткі. Так, у лютым 1937 у справу была падшытая драматычная справаздача «Вока»: «Незадаволенасць жонак нач.складу. 03.02.1937 жонкі звыштэрміновіка, які адбыў у камандзіроўку, прозвішча не высветлена, сярод жонак нач.складу выказвала незадаволенасць, заяўляючы: «нашых мужоў сагналі невядома куды, а нас з дзецьмі пакінулі на волю лёсу і як хочаш, так і жыві, у доме холадна, дроў няма, святла няма, сядзім з копцюшкай і ніхто не клапоціцца і не лічыць патрэбным паглядзець, у якіх умовах мы жывём». Агенту «Око» далі заданне высветліць прозвішча невядомай. Ніякіх болей папер па гэтым пытанні не маецца — пэўна, нешта не склалася ў «осведома» з выкананнем сакрэтнага даручэння. На палях цытаванай паперчыны алоўкам напісана: «Хто ж гэта казаў?»

А вось яшчэ пра псеўданімы. «Перасылаецца асабістая справа был.пам.кам б-на па тэхчастцы 4 мехбр. Апалонава Яўгенія Яфімавіча, які выбыў у распараджэнне начальніка АБТ часцей акругі на пасаду інжынера. Апалонаў Яўген Яфімавіч па распрацоўцы «Турысткі», даведка па якой далучаная да гэтай справы. Дадатак: асабовая справа на 33 лістах».

Можна ўявіць сабе гэтую «Турыстку», якая напрацавала з інжынерам Апалонавым ажно на 33 аркушы агентурнай справы.

Дакладнасць звестак і спасылкі на першакрыніцы не цікавілі ані «осведомов», ані іхных працадаўцаў: «На службе ў часцях 4 мб Макараў Анісім Міхайлавіч сапраўды быў; паводле неправераных звестак Макараў паходзіць з кулацкай сям'і і ў сувязі з гэтым у 1935 годзе быў не прыняты ў Палтаўскую вайсковую школу. Спецправеркі па сваёй лініі мы не маем, а таксама і не маем іншых кампраметуючых матэрыялаў».

Магу вас упэўніць: гэтай паперчыны было дастаткова, каб у тым месцы, адкуль прыйшоў запыт на Макарава, пачалася агентурная распрацоўка апошняга — з сумным вынікам.

 

Звальненне мастака Ермалкевіча 

Усіх не спецправерыш — моцы не хапае! 21 ліпеня 1937 года ў Бабруйск ляціць «поштатэлеграма»: «Распараджэннем наркама УД БССР камісара ГБ 3 ранга тав. Бермана зацверджаны план адпачынкаў на 1937 год адменены і прадастаўленне чарговых адпачынкаў супрацоўнікам оперскладу часова забароненае». Незадаволенасці жанок «оперскладу» «осведомы» не зафіксавалі.

Рэакцыя на справаздачы «осведомаў» была імгненнай.

«Цалкам сакрэтна. 01.02.1937 Бабруйск. Праз асведамленне высветліце, адкуль вядома мастаку ДВА 4 м.б. - Ермалкевічу пра самагубства нач. чыгунак. Паведаміце, што наогул з сябе ўяўляе Ермалкевіч «. Адказ: «Мастак Ермалкевіч падчас працы камісіі па праверцы вольнанаёмнага складу спецыяльна выклікаўся на гэтую камісію, дзе з нагоды фактаў яго меркаванняў пра самагубства начальніка чыгунак з ім мелі размову, пра што Ермалкевіч заявіў, што ён на гэтую тэму размоваў ні з кім не меў. Па наяўных у нас звестках Ермалкевіч па сацпаходжанні з'яўляецца з служачых, бацька якога не высветлена дакладна за што, у 1924 годзе выключаны з шэрагаў партыі і ў той жа час быў арыштаваны. Акрамя таго, бацька ягоны з'яўляецца выхадцам з Польшчы, адкуль прыбыў ў 1911 годзе і з гэтага часу пражывае ў Расіі. Рашэннем камісіі мастак Ермалкевіч як сацыяльна-сумнеўны элемент з 4 м.б. звальняецца. 2 сакавіка 1937 года».

 

«Феня, прашу не адчужацца»

Схавацца ад «осведома» і ягоных гаспадароў — амаль немагчыма: перлюстрацыя прыватных лістоў, зняццё копій, потым штампоўка ліста на патрэбных поштах і дастаўка адрасату — усё гэта было адпрацавана да аўтаматызму. Вось якая копія знаходзіцца сярод іншых дакументаў асобага аддзелу:

«Выпіска з ліста Дубнова Г.С. Адрасаванае на імя Дубновай Фені Усцінаўны, якая пражывае: паштовае аддзяленне Кісялевічы, паштовая скрынка 3020

… Феня вы кажаце мне што я вас не лічу за жонку і што вы засталіся блатной няма гэтага я нават і ў думках не меў і лічу, што вы пішыце мне для таго каб быць незалежнай, калі думаеце так гэты ўчынак твой, калі хочаш застацца вернай жонкай, то гэтага мне не пішы. Вы пішаце што я вам не дазваляў пісаць лісты, да ведама калі вы самі не пажадаеце, то сілком мілы не будзеш. Я за час ад'езду паслаў Вам пяць лістоў, а ад вас я атрымаў 4 лісты, у якіх Вы так лічыце сябе пакрыўджанай, што я не магу ўявіць сабе. Феня вы мне пішаце ад каго гэта залежыць, што з вас вылічваюць палову заробку, гэта залежыць ад мяне, але вы павінны атрымліваць 100 рублёў, і будзеце атрымліваць, я справу гэту дазнаюся, а астатнія грошы калі прыеду дадому, я скажу, куды я іх падзеў, але вам як жонцы так пісаць і сябе зневажаць перад іншымі не варта і слухаць нікога не трэба. Калі я буду дома з нас грошай хопіць, але і для цябе 100 руб. хопіць. Феня наконт пашпарта пашпарт Вам абменяць і Вы можаце стаць на працу. Схадзі ў штаб, вазьмі даведку, што Вы жонка вайскоўца, калі якія-небудзь непаразуменні паведамі мне, хто мяняў пашпарт, таму не справа ў горадзе ці ў вёсцы, калі жывяце ў вёсцы, то ўсё роўна ім справы няма. Факт той, што вы жонка вайскоўца. Феня прашу не адчужацца Вы мне жонка на ўсё жыццё».

Кранальная безабароннасць гэтага ліста, дасланага восемдзесят год таму машыністам Дубновым сваёй маладой жонцы, ягоная немагчымая інтымнасць сярод кароткіх і бязлітасных справаздач, данясенняў, запісак, загадаў асобага аддзелу чацвёртай мехбрыгады, увесь сюжэт няхітрага і простага жыцця звычайных людзей — жывых, цёплых, бездапаможных перад адпрацаванай машынай сачэння і данясення, праверкі і ліквідацыі — ці можна больш трапна ахарактарызаваць той час, у якім на кожнага чалавека прыходзіўся свой «осведом» і ў якім проста не было прыватнага жыцця, якім не магла б зацікавіцца дзяржава.

Дарэчы: у справе Дубнова і ягонай Фені вынік быў цалкам станоўчы. Усе жончыны скаргі наконт пашпарта і заробку былі ўлічаны, усе праблемы вырашаны — па меншай меры, менавіта гэтага патрабавала менскае начальства: «Перасылаецца заява вайскоўца 4-й мехбрыгады Дубнова, які знаходзіцца ў спецкомандзіроўцы, і ліст на імя яго жонкі. Неадкладна прыміце усе меры да задавальнення просьбаў выкладзеных Дубновым у яго заяве. На пісьме, адрасаваным жонцы Дубнова — пастаўце штамп Бабруйскай пошты і прасачыце, каб яно дайшло па прызначэнні. Асабіста Вы праверце, ці не маюць месца аналагічныя факты выкладзеным Дубновым у заяве, у адносінах да жонак і ўтрыманцаў вайскоўцаў, якія знаходзяцца ў спецкамандзіроўцы. Вынікі праверкі паведаміце нам не пазней за 25 лютага г.г. - а таксама як задаволеныя просьбы тав. Дубнова».

Дык я думаю: ці не быў раптам памянёны таварыш Дубноў «осведомом», улічваючы асаблівую ўвагу начальства да скаргаў ягонай жонкі?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0