У Беларусі неўзабаве пачне працу кампанія «Белінкасгруп», пакліканая вывесці з адказнасці банкаў інкасатарскія паслугі.

Яе заснавальнікі — Нацыянальны банк (44% акцый), «Беларусбанк» (49%) і «Белаграпрамбанк» (7%). Кіраўніком стаў Андрэй Пасканны. 

Як «Нашай Ніве» патлумачылі ў Нацбанку, рашэнне было прынята пасля размовы Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком Нацбанка Паўлам Калаўрам.

«Дагэтуль у Беларусі была адна спецыялізаваная кампанія, якая займала каля 20% рынку — гэта даччыная арганізацыя «БПС-Сбербанка». Ёй створыць канкурэнцыю «Белінкасгруп» — абедзьве гэтыя кампаніі будуць паміж сабой канкураваць. Сэнс стварэння мае некалькі мэтаў: вызваленне Нацбанка ад функцый, які яму неўласцівыя. Пазбаўленне ад дублявання аднолькавых функцый буйнымі банкамі. Гэтыя банкі ў рэгіёнах мелі структуры, якія выконвалі аднолькавыя функцыі. Калі будзе створана «Белінкасгруп», якое будзе аказваць паслугі і іншым банкам, то ад такога дублявання можна будзе адмовіцца», — патлумачыў прэс-сакратар Нацбанка Аляксандр Цімашэнка. 

Разам з гэтым «ААТ «Небанкаўская крэдытна-фінансавая арганізацыя «Белінкасгруп» атрымала права праводзіць некаторыя банкаўскія аперацыі паводле спецыяльнага дазволу — гэта зроблена, каб разняволіць банкі. 

Так, «Белінкасгруп» зможа праводзіць касавае і разліковае абслугоўванне, валютныя аперацыі, куплю-продаж каштоўных металаў. Таксама арганізацыя зможа прадастаўляць фізічным і юрыдычным асобам паслугі па захоўванні грошай, каштоўных папер і металаў.

Дзейнічаць новая структура пачне ўжо сёлета: як вынікае з апублікаваных на pravo.by пастановаў, да 15 жніўня 2018 года банкі-заснавальнікі павінны перадаць ва ўласнасць «Белінкасгруп» некаторую нерухомасць. 

Так, напрыклад, у Мінску «Беларусбанк» перадасць «Белінкасгруп» свой папярэдні галоўны офіс на праспекце Дзяржынскага, 69-1 коштам у $10 мільёнаў. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0