Ужо некалькі гадоў у межах вуліц Вызвалення — Шпалерная плануюць пабудаваць шматфункцыянальны духоўна-асветніцкі комплекс Беларускай праваслаўнай царквы. Але за ўвесь час на аб'екце не правялі ніякіх работ, і ў выніку ў цэнтры Мінска ў аварыйным стане прастойваюць гістарычныя будынкі XIX стагоддзя. Tut.by дазнаўся, калі працэс пачнецца і што менавіта знясуць для комплексу Мінскай епархіі.

На тэрыторыі планаванай забудовы для комплексу Мінскай епархіі знаходзяцца два будынкі канца XIX стагоддзя па вуліцы Вызвалення № 6 і 6а, а таксама барак былога ваенкамата і пабудовы яго гаспадарчай часткі па вуліцы Вызвалення, 8.

У канцы снежня 2016 года стала вядома, што два будынкі XIX стагоддзя на тэрыторыі комплексу па праекце вырашана знесці. Будынкі не эксплуатаваліся больш за 25 гадоў і знаходзяцца ў аварыйным стане. Але за гэтыя амаль паўтара года на аб'екце не правялі ніякіх работ.

Намеснік кіраўніка адміністрацыі Цэнтральнага раёна Вадзім Перадня распавёў, што ў гэтым годзе заказчык плануе прыступіць да рэалізацыі праекта шматфункцыянальнага духоўна-асветніцкага комплексу.

- Падчас падрыхтоўчага этапу правядуць сеткі і знясуць будынак былога ваенкамата на Вызвалення, 8. Будынкі XIX стагоддзя на Вызвалення 6, 6а чакае рэканструкцыя — гэта аб'екты гісторыка-культурнай спадчыны. Але ўсё ж такі будзе будавацца паўнавартасны маёмасны комплекс, таму яны будуць не ў тым выглядзе, у якім былі раней. Праект ёсць, калі фінансаванне пацвердзіцца, то ў бліжэйшы час пачнуць рэалізацыю.

У Мінскай епархіі былі нешматслоўныя. Прыйшоў адказ за подпісам сакратара протаіерэя Андрэя Волкава, што цяпер ажыццяўляецца заключны этап праектных работ. На пытанні аб тым, ці знойдзены спонсар для праекта, якія тэрміны будаўніцтва комплексу, ці былі змены ў праекце пасля грамадскага абмеркавання, адказу ў епархіі не далі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0