Фота Ірына Арахоўскай
31 сакавіка партыя левых «Справядлівы свет» накіравала мінскім уладам прапанову прысвоіць сталічнай падземцы імя Пятра Машэрава. У звароце падкрэсліваецца, што менавіта дзякуючы яго настойлівасці ў Мінску з'явіўся гэты від транспарту, піша Tut.by
Аўтары ліста падкрэсліваюць, што пад кіраўніцтвам Машэрава Беларусь дамаглася ўражлівых поспехаў, а беларусы «канчаткова сфарміраваліся як адзіная нацыя».
«Менавіта дзякуючы аўтарытэту і настойлівасці П.М. Машэрава кіраўніцтвам Савецкага Саюза, нягледзячы на супрацьдзеянне Дзяржплана СССР, было прынята рашэнне аб пачатку праектавання і будаўніцтва Мінскага метрапалітэна», — тлумачаць камуністы.
Свой зварот яны накіравалі ў Мінгарвыканкам, гарадскі Савет дэпутатаў і ўласна ў метро. Ініцыятыва прымеркавана да 100-годдзя з дня нараджэння Машэрава.