Афіцыйны Мінск лічыць, што вінаватыя ў атручванні ў Вялікабрытаніі былога агента ГРУ Расіі Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі Юліі, у якім Лёндан абвінаваціў Маскву, павінны быць пакараныя. Пра гэта 4 красавіка заявіў прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзьмітры Мірончык, піша Радыё Свабода.
Мірончык у прыватнасці працытаваў міністра Уладзіміра Макея, які раней агучыў пазіцыю Беларусі, што «любое абвастрэнне міжнароднай сітуацыі не спрыяе нармальным стасункам, і мы вельмі занепакоеныя тымі падзеямі, якія адбыліся ў Солсберы. Вінаватыя за гэта павінныя быць прыцягнутыя да адказнасці, і Беларусь выступае менавіта за такі падыход. Але спачатку трэба дакладна ўстанавіць вінаватых».
Сёньня ў Гаазе адбудзецца паседжанне Міжнароднай арганізацыі забароны хімічнай зброі, і прадстаўнік Беларусі Мікалай Барысевіч выкажа там афіцыйную пазіцыю Мінску.
Ад сябе Дзмітрый Мірончык дадаў, што высылкай дыпламатаў гэтае пытаньне ня вырашыш. «Урэшце, менавіта гэтыя людзі мусяць дамаўляцца», — сказаў прадстаўнік МЗС.