Калі б я мог растлумачыць свой экспэрымэнт шараговаму грамадзяніну, дык я б не заслужвай за той экспэрымэнт Нобэлеўскай прэміі.

Рычард Філіпс Фэйнман, амэрыканскі фізык, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі.

Хімія: Нобэль для трох адкрывальнікаў зіхоткага бялка ў мэдузах

Зіхоткі бялок, або зялёны флуарысцэнтны пратэін (GFP) — шляхаводная зорка сучаснай біяхіміі. Карыстаньне ім дазваляе сёньня сочыць за разнастайнымі працэсамі ў клетках, якія іначай былі б нябачныя, такімі як паступовая атрафія нэрвовых клетак у хворых на Паркінсон, або разьвіцьцё ракавых працэсаў у мозгу.

Асаму Сімамура вылучыў бялок з мэдузы Aequorea Victoria, якую прыбівае прылівам да заходняга берага Паўночнай Амэрыкі. Ён выявіў, што бялок зіхаціць зялёным сьвятлом у ўльтрафіялетавым спэктры. Мартын Чалфі прадэманстраваў каштоўнасьць GFP для высьвятленьня розных біялягічных працэсаў. Трэці будучы ляўрэат, Роджэр Тсін, раскрыў агульны мэханізм зіхценьня.

У целе кожнай жывой істоты знаходзіцца дзесяткі тысяч бялкоў. Калі нейкі зь іх не перамяшчаецца як трэба, дык зазвычай гэта завяршаецца хваробай. Гэта прычына чаму біяхімікам важна сочыць за рухам і актыўнасьцю бялкоў у целе. Пры дапамозе сучасных тэхналёгіяў навукоўцы здольныя далучаць сёньня зіхоткі GFP да патрэбных, але нябачных бялкоў.

Мэдыцына і фізіялёгія: за выяўленьне віруса, які спрычыняецца да рака шыйкі маціцы, а таксама за адкрыцьцё віруса імунадэфіцыту (ВІЧ-інфэкцыі)

Рак шыйкі маціцы, які спрычыняецца вірусам чалавечай папіломы, знаходзяць у 5 адсоткаў з усіх хворых на рак. Вакцыны, заснаваныя на адкрыцьці нямецкага навукоўца Гаральда цур Гаўзэна, здольныя забясьпечыць больш за 95-адсоткаў абароны для 500 тысяч жанчынаў, якія захворваюць на гэты від рака штогод.

Гаральд цур Гаўзэн выступіў насуперак таму, што лічыліся ў 70-ыя гады неабвержнай ісьцінай. Тады ўдзел вірусаў у разьвіцьці гэтага жахлівага захворваньня лічылася аксіёмай. Цур Гаўзэн зрабіў дапушчэньне, што сьляды вірусаў можна знайсьці ў ДНК пухлінавых клетак, таму што калі гэтыя клеткі зьмяшчаюць вірус, дык геномы (сукупнасьць усіх генаў арганізму) вірусаў павінныя інтэгравацца ў іх уласныя геномы. У 1983 гэты пошук быў пасьпяхова завершаны.

Франсуаз Барэ-Сінусі і Люк Мантанье знайшлі вірус імунадэфіцыту (ВІЧ). Знайшлі зь цяжкасьцю, бо гэты вірус ня быў падобны да ўжо вывучаных анкагенных вірусаў. У адрозьненьні ад іх, ВІЧ не прыводзіў да бескантрольнага росту клетак. Наадварот, трапіўшы ў клетку, ён як бы чакаў сваёй актывацыі, а пасьля актывацыі пачынаў зьнішчаць лімфацыты, якія граюць значную ролю ў сыстэме імуннай абароны чалавека. Адкрыцьцё французкіх навукоўцаў умагчыміла зразумець, як разьвіваецца хвароба і як вірус узаемадзейнічае з клеткай, у якую трапіў. Наша, чалавечае, пакуль што не ўзяло. Але сёньня антывірусная тэрапія, якая грунтуецца на адкрыцьці французаў, падвысіла працягласьць жыцьця для ВІЧ-інфікаваных малой драбніцай не да сярэдняй працягласьці жыцьця здаровых людзей.

Фізыка: Прэмія навукоўцам, якія даказалі адсутнасьць сымэтрыі на ўзроўні кваркаў

Наш Сусьвет існуе дзякуючы адсутнасьці сымэтрыі на ўзроўні элемэнтарных часьцінак — на кожныя 10 мільярдаў і адну часьцінку матэрыі прыпадае толькі 10 мільярдаў антыматэрыі. Матэрыя і антыматэрыя зводзяць адна адну да нуля, і тая «жменька» матэрыі, што застаецца, і зьяўляецца нашым Сусьветам. Парушэньне гэтай сымэтрыі прадказалі нобэлеўскія ляўрэаты 1967 году, а сёлетнія пацьвердзілі экспэрымэнтальна.

Амэрыканец японскага паходжаньня Ёічыру Намбу з Чыкагзкага Ўнівэрсытэту атрымаў прэмію «за адкрыцьцё мэханізма спантаннага парушэньня сымэтрыі ў фізыцы элемэнтарных часьцінак». Яго калегі, японцы Макота Кабаясі і Тасіхідэ Маскава ўзнагароджаныя «за адкрыцьцё крыніцы парушэньня сымэтрыі, якое дазволіла прадказаць існаваньне ў прыродзе прынамсі трох сямействаў кваркаў». Пытаньне, якім чынам гэта здараецца дакладна, застаецца неразьвязаным. Навукоўцы спадзяюцца, што гадронны каляйдэр у Жэнэве прыадкрые некаторыя таямніцы фундамэнтальных часьцінак.

Літаратура: Нобэль — стылісту і падарожніку

Жан-Мары Гюстаў лё Клезіё (Jean-Marie Gustave Le Clézio, нар. 13.04.1940, Ніца) — францускі раманіст і эсэіст.

Жан-Мары стаў вядомы пачынаючы з сваіх першых раманаў «Пратакол» (1963), «Трасца» (1965). Малады герой раману «Пратакол» швэндаецца па горадзе, выступае перад тлумам, што каштуе яму зьмяшчэньня ў псіхбальніцу. Наватарскае пісьмо Лё Клезіё падкрэсьлівала агрэсіўнасьць сучаснага дэгуманізуючага грамадзтва («Гіганты», 1973). Пісьменьнік таксама шмат падарожнічаў і дасьледаваў аддаленыя і першабытныя супольнасьці («Каранцін», 1995), нібы шукаючы першакрыніцы чалавецтва. Ён пераклаў на францускую мову міталёгію амэрыканскіх індзейцаў.

Героі раманаў Лё Клезіё скрупулёзна займаюцца аналізам уласных адчуваньняў.

Яны зь цяжкасьцю прыстасоўваюцца да агрэсіўнага, павярхоўнага сьвету нашых дзён, сутыкаюцца са сьцяною неразуменьня і адчужэньня.

Пісьменьнік балянсуе між рэалізмам і глючным візіянерствам.

Лё Клезіё славіцца адмысловым стылем. Ён піша то ў стылістыцы пратаколу, то інсытнага малюнку, з гэтага нараджаецца нешаблонны тэкст. Паэтыка выкрасаецца з штодзённасьці, вызваляецца новае слова. У выніку пісьмо вызваляецца ад уніформы традыцыйных апавядальных прыёмаў. У свіам эсэ «Матэрыяльны экстаз» (1967), пісьменьнік крытыкуе «дурную манернасьць», «антыкварныя адметнасьці, на якія больш ніхто не купляецца». Можна сказаць, што сёлетні Нобэль атрымала багатая француская літаратурная традыцыя, а зь яе ўзнагародзілі рэфарматара, які пашырыў стылістычныя межы літаратуры.

Прэмія Міру былому фінскаму прэзыдэнту за трыццацігадовую дзейнасьць па ўрэгуляваньні канфліктаў у розных краінах сьвету.

Марці Ахцісаары мірыў Намібію і ПАР, Інданэзію і сэпаратысцкі рух Ачэх, разьвязваў канфлікты паміж ІРА і Брытаніяй, працаваў у Босьніі й Косава, быў прэзыдэнтам Фінляндыі.

У 1977—1984 гг. упаўнаважаны ААН па вырашэньні канфлікту ў Намібіі. Увесну 1999 году стаў адным з пасярэднікаў падчас вайны ў Югаславіі, прапанаваў тады мірны плян вырашэньня канлфікту ў Косава, зь якім пагадзіўся Бялград. У 2000 г. заснаваў няўрадавую арганізацыю «Ініцыятыва па пераадоленьні крызысаў».У 2000-2001 гадах інспэктаваў склады ўзбраеньня Ірлдяндзкай рэспубліканскай арміі. У 2005 годзе пры пасярэдніцтве Ахцісаары быў падпісаны мірны дагавор, які паклаў канец трыццацігадовай вайне паміж урадам Інданэзіі і сэпаратысцкім рухам у правінцыі Ачэх. У 2005 г. прызначаны спэцыяльным пасланьнікам генэральнага сакратара ААН па кіраваўніцтве працэсам вызначэньня будучыні Косава. У 2007 годзе падрыхтаваў плян мірнага урэгуляваньня канфлікту, які праз пазыцыію Расеі і Кітаю быў адкінуты ААН.

Эканоміка: Амэрыканскаму эканамісту за «яго аналіз структуры гандлю і геаграфічнага разьмеркаваньня эканамічнай актыўнасьці»,

Мадэль, якую распрацаваў Пол Кругман, называецца «Ядро–пэрыфэрыя». Яна даводзіць, што залежнасьць паміж эканоміяй ад маштабу вытворчасьці (economies of scale) і транспартнымі выдаткамі могуць прывесьці да канцэнтрацыі або, наадварот, да разьмеркаваньня насельніцтва. Пры пэўных умовах.

Працы Кругмана дазволілі растлумачыць наступствы глябалізацыі і разьвіцьця міжнароднага гандлю, а таксама прычыны імклівай урбанізацыі насельніцтва плянэты.

Сюрпрызам зрабілася тое, што прэмію гэтаму непрыміранаму крытыку Буша ўручылі менавіта цяпер, напярэдадні выбараў у ЗША.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?