Зборная Беларусі не змагла зрабіць сэнсацыю. У чарговым матчы адборачнага турніру да чэмпіянату сьвету нашы прайгралі англічанам.

Ужо ў пачатку гульні гол забіў Стывэн Джэрард. Варта было бачыць, што рабілася на гасьцявых сэктарах. Ангельцы ўмеюць радавацца посьпехам сваёй каманды. Зрэшты, яшчэ ў першым тайме Павал Сітко зь «Віцебску» лік зрабіў роўным — 1:1.

У другім тайме сваё важкае слова ўзяў Ўэйн Руні. Ён двойчы забіў Жаўнову — 1:3. Пасьля трэцяга голу многія беларускія заўзятары пацягнуліся да выхаду. Ангельцы былі больш блізкія, каб забіць чацьвёрты гол, чым беларусы, каб адыграць хоць адзін.

* * *

Сёньня а 21:30 на менскім стадыёне «Дынама» пачнецца адборачны матч да чэмпіянату сьвету між зборнымі Беларусі і Англіі. Яшчэ ніколі нашы хлопцы не перасякаліся з родапачынальнікамі футболу.

Чакаецца, што на трыбунах будзе аншляг. Усе білеты былі раскупленыя. У сталіцу Беларусі прыехала таксама каля дзьвюх тысяч фанатаў з Туманнага Альбіёну. Калярытных брытагаловых ангельцаў гэтымі днямі можна было бачыць на розных вулках Менску. Дарэчы, саюз заўзятараў Вялікабрытаніі раіў перад гульнёй сваім грамадзянам набываць беларускую гарэлку.

Беларусам ні ў якім разе нельга прайграваць, калі яны хочуць працягнуць барацьбу за пуцёўку ў Паўднёвую Афрыку. Зрабіць гэта будзе неймаверна цяжка. Найперш таму, што ў нашым складзе ня будзе лідэра каманды Аляксандра Глеба, які траўмаваны. Ёсьць кадравыя праблемы і ў ангельцаў. Але ад пераліку прозьвішч гульцоў, што прыехалі ў Беларусі замірае дыханьне — Бэкхэм, Руні, Лэмпард, Джэрард, Фэрдынанд, Краўч.

Ангельцы зараз у добрай гульнявой форме. У суботу дома яны разграмілі дома казахаў, а да гэтага быў выйгрыш зь лікам 4:0 у Харватыі. Як бы тое не было, сёньня нас чакае выдатны матч.

Беларуская футбольная восень працягваецца!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?