Сябры незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт» патрабуюць ад уладаў спыніць рэпрэсіі супраць сяброў сваёй арганізацыі. Яны распачалі кампанію акцый, каб дамагчыся спыненьня крымінальнага перасьледу некалькіх сяброў «Маладога фронту», якіх падазраюць у дзеяньнях, што груба парушаюць інтарэсы грамадзянаў. Маладафронтаўцы гатовыя сёньня абвясьціць галадоўку.
Сябры незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт» адчулі ціск з боку ўладаў напярэдадні і ў часе прэзыдэнцкай кампаніі. У Менску і ў рэгіёнах штодня адбываліся ператрусы. Маладафронтаўцаў выклікалі ў міліцыю, пракуратуру і КДБ. Бацькам актывістаў пагражалі звальненьнем з працы. Распачата некалькі крымінальных справаў. Зьмітра Дашкевіча, Барыса Гарэцкага, Сяржука Лісічонка , Алега Корбана, Сяржука Марчыка, Паўла Красоўскага і Насту Азарку падазраюць у дзеяньнях, якія груба парушаюць правы і інтарэсы грамадзянаў. У Салігорску непаўнагадовых маладафронтаўцаў цягам апошняга тыдня некалькі разоў выклікалі на размовы. У такіх умовах сябры «Маладога фронту» пачалі шэраг акцый з патрабаваньнем спыніць перасьлед моладзі.
Гаворыць лідэр Салігорскай суполкі Дзяніс Карноў.
(Карноў: ) «У нас вельмі шмат непаўнагадовых сяброў. Большасьць зь іх вучацца ў 4-ай школе. Іх выклікаюць у КДБ і міліцыю. Запалохваюць іх бацькоў, пагражаюць звальненьнем з працы за тое, што тыя не займаюцца сваімі дзецьмі. У зьвязку з гэтым мы пачынаем шэраг акцый на знак пратэсту супраць рэпрэсіяў. Ня выключана, што мы сёньня распачнем галадоўку.»
Зьміцер Дашкевіч і Артур Фінькевіч адбываюць 15 сутак арышту ў турме на Акрэсьціна. Іх затрымалі, калі яны ішлі ў суд Маскоўскага раёну Менску, каб прысутнічаць на паседжаньні ў справе звольненага з працы выкладчыка педагагічнага ўнівэрсытэту Юрыя Бачышчы. Хлопцаў абвінавацілі ў тым, што яны нібыта нецэнзурна лаяліся. 26 траўня некалькі дзесяткаў чалавек правялі на Кастрычніцкай плошчы флэш-моб у падтрымку Зьмітра і Артура.
Прэсавы сакратар «Маладога фронту»Барыс Гарэцкі лічыць бессэнсоўным зьвяртацца ў пракуратуру.
(Гарэцкі: ) «Мы, на жаль, ня маем магчымасьці зьвяртацца ў пракуратуру, суды ды іншыя ворганы, бо ведаем, які будзе адказ. Таму мы спадзяемся на грамадзкасьць. Даводзім інфармацыю да людзей пра крымінальную справу супраць сяброў нашага руху. Праводзім кампанію з патрабаваньнем вызваліць палітвязьняў: шэраг акцыяў, пікетаў, флэш-мобаў, раздачу газэтаў. Ня выключана, што сёньня мы абвесьцім галадоўку. Безумоўна, галадоўка гэта ня сродак дасягненьня сваіх мэтаў у таталітарнай краіне, але мы ня бачым іншага выйсьця.»
Сёньня раніцай маладафронтаўцы абмяркуюць сытуацыю і прымуць плян дзеяньняў на лета. Барыс Гарэцкі паведаміў, што моладзь ня спыніць сваю дзейнасьць на час летніх вакацыяў. Пры гэтым сябры «Маладога фронту» будуць распрацоўваць стратэгію вулічных акцый на восень.