Вольга Бабурына. Фота з архіва Вольгі.

Вольга Бабурына. Фота з архіва Вольгі.

«Калі мы першы раз выпісваліся з рэанімацыі, санітарка заківала галавой: «Ну што ж гэта ён у вас такі слабахарактарны…». Што значыць слабахарактарны? Многія не ўспрымаюць дэпрэсію ўсур’ёз, хоць гэта такая ж хвароба, як і іншыя, і яе трэба лячыць. Я гэта цяпер разумею. Прэпараты, якія нам прапісалі пасля першай спробы суіцыду, не падышлі, цяпер сын прымае іншыя. Я бачу, што ён ужо ўсміхаецца, будуе планы на будучыню: «Я выйду, і мы з табой вось туды паедзем, вось тое зробім». Раней ён пра будучыню не думаў», — кажа Вольга.

Хлопцу было сем год, калі першы шлюб Вольгі разваліўся. Бацька не асабліва цягнуўся да сына, хоць, кажа мастачка, яна была толькі за іх сустрэчы. Аднойчы на дзень народзінаў ён падарыў сыну гітару. Але часцей пра дні народзінаў ён забываў, ды і ўвогуле рэдка цікавіўся, чым жыве яго дзіця. Аліменты таксама выплачваў нерэгулярна і неахвотна. А потым у яго з’явілася іншая сям’я і іншыя праблемы.

Калі хлопец пасталеў [сёння яму 20 год], то прызнаўся маці, што ў дзяцінстве лічыў яе вінаватай у распадзе сям’і. Думаў, што маці — дрэнная, а бацька — харошы.

Пасля Вольга другі раз выйшла замуж, у сына з’явіўся айчым і сястрычка [сёння ёй 11 год]. З айчымам стасункі складваліся добра, пакуль не пачаўся пераходны ўзрост і не стала цяжка знаходзіць агульную мову. А там сям’і давялося перажыць другі развод.

Вольга кажа, што вучыўся сын без асаблівага імпэту. Пра такіх, як ён, у школе казалі «разумны, але лянівы». Хоць Вольга лічыць, што яго проста не зацікавілі. Можа, уплывала не самае лепшае асяроддзе, можа, недзе настаўнікі не падштурхнулі.

Па-за школай звычайнай сын хадзіў і ў музычную, але і тут усё было «роўна», без агню ў вачах.

Паступіў спачатку ў адзін з ліцэяў у Мінску. Праз развод мусіў перавесціся ў Гродна да бацькі. Але там не спадабалася, таму хутка вярнуўся назад у Мінск.

Потым пазнаёміўся з дзяўчынай з Магілёва, сталі сустракацца, паехаў вучыцца туды. Але нешта не склалася, разышліся. А праз пару месяцаў — першая спроба суіцыду. Паўтара года Вольга рабіла ўсё, каб упэўніць сына, што ён павінен жыць, што ён не адзін, што ён патрэбны. Але не атрымалася — другая спроба.

«Як выглядае дэпрэсія? У яго ўвесь час быў дрэнны настрой, заўсёды прыгнечаны стан, сумныя вочы, нават калі ён усміхаўся. Ён быў да ўсяго абыякавы, у яго не было жадання штосьці рабіць, у яго не было жадання нечага жадаць. Ён мог проста легчы і ляжаць. Быў недавер да ўсіх і да ўсяго. Ты падыходзіш да яго, абдымаеш, кажаш, што любіш, а ён адказвае: «Я табе не веру». Ён імкнуўся зрабіць мне балюча. Не спецыяльна, вядома, гэта ўсё адбываецца падсвядома. Толькі калі стаў цалкам давяраць, тады перастаў», — распавядае Вольга.

Выцягнуць з гэтага стану сына маці спрабавала па-рознаму. Вадзіла ў кіно, у басейн, брала з сабой у вёску, далучала да розных справаў і шмат-шмат-шмат з ім гаварыла. Набыла сабаку, каб было каго любіць і за кім даглядаць, каго выгульваць. Але эфект ад усіх гэтых радасцяў быў слабы: настрой уздымаўся ненадоўга, хутка вярталася апатыя. Урэшце Вольга прыняла рашэнне пераехаць з Мінска ў Маладзечна.

Хлопец уладкаваўся на працу, але хадзіў туды без ахвоты. Казаў, што дома яму лепш.

«Аднойчы на працы да яго падышоў калега ды запытаўся: «У цябе ўсё добра? Можа, трэба пагутарыць?» Сын адмовіўся. Але гэта значыць, было відаць, што ў яго нешта не ў парадку», — дадае Вольга.

І вось што ў такой сітуацыі рабіць маці? Як трымацца, як не губляць мужнасць, дзе браць энергію?

«Я люблю кіраваць машынай, гэта дае адчуванне кантролю над сітуацыяй. Часам еду, вось ужо наперадзе паварот да дома, але я не паварочваю. Проста еду далей, любуюся краявідамі, — дзеліцца мастачка. — Я чалавек творчы, эмацыйны, і ў мяне такія арэлі звычайна: то ўздым, калі я шчаслівая, натхнёная, то спад. Тады я магу закрыцца на некаторы час у пакоі і быць сама з сабой. Потым выходжу — і ўсё добра. Я ў 40 год навучылася гэта ў сабе прымаць, я зразумела, што гэта нармальна.

Часам дапамагае прыборка. Вымыеш усё, прыбярэш — і радуешся, што ўсё чыста.

Канечне, гэта сяброўкі. Ёсць настолькі блізкія, што мы можам хоць пасярод ночы адна адной патэлефанаваць, паразмаўляць, атрымаць падтрымку.

Натхняюць вандроўкі ці паездкі па краіне. Хоць вяртаешся пасля іх звычайна стомлены настолькі, што трэба яшчэ два дні адпачываць. Бывае, едзеш за адным, а знаходзіш нешта зусім іншае і разумееш, што менавіта гэта ты і павінен быў убачыць. Ездзіла адкрываць выставу ў Гомель, філію Веткаўскага музею, і туды якраз прывезлі іконы старавераў. Гэта настолькі магутная энергетыка! Я зразумела, што менавіта гэтыя іконы я і павінна была ўбачыць.

Што яшчэ? Трэнажорная зала. Раней спрабавала ёгу, пілатэс. Летась, дарэчы, цэлы год бегала. Прачыналася ў 4:30 і ішла на прабежку. Бяжыш, бачыш узыход сонца — гэта неверагодна. Я неяк нават закрычала, калі бегла насустрач сонцу, — такі моцны ўздым.

І, канечне ж, праца. Некаторыя працы для мяне — як малітва. Так шмат ты ў іх укладаеш. Ды і самі нажніцы, калі ты рэжаш, супакойваюць».

Сёння сыну Вольгі лепш, у яго з’явілася жаданне пісаць музыку, пісаць вершы. Маці гэта цешыць, але яна адзначае, што ўплываюць лекі. Іх трэба прымаць дзесьці з паўгода. Галоўнае — падабраць правільныя, а гэта ўсё каштуе грошай.

Вольга — вольны мастак. Яна займаецца мастацтвам ужо больш за 30 год, са сваіх прац і жыве. Калі хочаце дапамагчы ёй і яе сям’і ў гэтай цяжкай сітуацыі, то проста замоўце сабе выцінанку. Цяпер Вольга зменшыла цэны на работы, каб кожны змог сабе дазволіць іх займець. Адшукаць работы можна вось у гэтым альбоме. Зрабіць замову магчыма і па тэлефоне — +37533 300 89 09 (можна праз вайбер).

Глядзець іншыя працы Вольгі.

Глядзець іншыя працы Вольгі.

«Я зразумела адно, — кажа Вольга, — нельга ні на долю секунды сумнявацца ў тым, што ты выратуеш чалавека. Як толькі ты засумняваўся — усё, гэта правал. Хоць мая вера таксама хісткая, я разумею, што не маю права сумнявацца, што можна выцягнуць чалавека з гэтага стану».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?