Алесь Марачкін

19 кастрычніка спаўняецца 20 гадоў з часу заснаваньня Народнага Фронту. Успамінае мастак Алесь Марачкін.

Мастакі зьбіраліся на «Паддашку» ў Яўгена Куліка ды ў іншых месцах, быў Зянон з намі. Было гэта задоўга да 19 кастрычніка. З тых сустрэчаў

запомнілася пытаньне Зянона да нас: вось калі імпэрыя зараз раптам абрушыцца, то ці гатовы хто з нас узяць у рукі бел-чырвона-белы сьцяг і павесьці за сабой людзей?
А тады ж нават і ня верылася, што імпэрыя сапраўды хутка лясьне. І вось 19 кастрычніка 1988 году ў Чырвоным касьцёле зьбіраецца аргкамітэт. Сярод прысутных — Васіль Быкаў, Стэфанія Станюта. Партыйныя функцыянэры ня спалі, усяляк намагаліся сарваць сход. І вось у гэтым моманце мне запомніліся паводзіны Васіля Быкава, які выйшаў на сцэну ўсьлед за адным з правакатараў ад улады і павёў сход, стаўшы ў тую хвіліну ключавой фігурай.

Такое не забудзеш, бо з гэтага ўсё пачалося. Мы адчулі, што рухаемся ў адным кірунку са сваімі суседзямі.

Былі спрэчкі. І дагэтуль хтосьці лічыць, што назва арганізацыі была дадзеная няслушная. Тут я зь Зянонам цалкам згодны — ня трэба мілітарызаваць слова «фронт», бо гэта далёка ня толькі вайсковы тэрмін.

19 кастрычніка — гэта дзень, калі ажылі нашыя ідэі —
свабода, незалежнасьць і, безумоўна, мова.

30 кастрычніка таго ж году мы даведаліся, што такое гвалтоўны разгон мірнай дэманстрацыі, што такое «чаромха». Мяне затрымалі, сьледам сына. Памятаю, як мая жонка ў адчаі кідалася на міліцыянтаў: «А я?». У Курапаты я тады не патрапіў. Дагэтуль мяне цікавіць адна думка. Міліцыя тады была збольшага беларуская, а войска — з усяго Саюзу. Там былі і каўказцы, і азіяты. Яны зьбівалі нас, затрымлівалі. Але галоўнае — яны бачылі на свае вочы наш прыклад. Потым і ў іх памянялася ўлада. Цікава мне, што цяпер з тымі людзьмі, ці ўзгадваюць яны той час?

Відэа Яраслава Сьцешыка

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?