10.04.2018 / 14:11

Вядомыя папулярызатары беларускага фольку з гурта Vuraj запішуць новы альбом 

Дзясяткі экспедыцый на Палессе і вывучэнне фальклору не прайшлі дарэмна — Сяржук Доўгушаў з гуртом Vuraj рыхтуюць да запісу новы альбом пад назвай «Lito».

«Літо» — гэта беражліва сабраныя, вывучаныя, пераасэнсаваныя і літаральна наноў створаныя абрадавыя песні беларускага Палесся, якія музыкі самі на працягу 4 гадоў шукалі ў экспедыцыях, знаходзілі і надавалі кожнай сваё адметнае «вурайскае» гучанне.

У новым альбоме будзе падкрэслівацца ўнікальнасць кожнага рэгіёна Палесся — аўтэнтычныя мелодыі і музычны строй, адметнасці мікрамоў і дыялектаў.

«Людзі сыходзяць, песні знікаюць, а нам хочацца дзяліцца гэтымі сапраўднымі скарбамі з усім светам, даносіць да сучаснага чалавека палескую мову, мелодыі, якім сотні год. На альбоме «Lito» мы прадставім песні, якія, хутчэй за ўсё, шмат людзей пачуюць упершыню. Гэта пераасэнсаваныя народныя песні, яны і цяпер не губляюць сэнсу і сакральнасці. Таксама мы папулярызуем аўтэнтычнае гучанне гэтых песень, знаёмім усіх з аўтэнтычнымі выканаўцамі, расшыфроўваем і прэзентуем тэксты песень», — кажа фалькларыст, лідар гурта Vuraj Сяржук Доўгушаў.

Запіс, звядзенне і мастэрынг будуць зроблены на студыі TRStudio у Варшаве. Гэта выдатная студыя з першакласнымі прафесіяналамі (намінацыя на Grammy) з досведам працы з фолк-музыкай.

Запіс адбудзецца ўжо гэтым летам, калі музыкі назбіраюць патрэбную суму з дапамогай краўдфандынгу.

Перадзамовіць дыск з унікальнымі песнямі можна наўпрост зараз, падтрымаўшы праект на краўдфандынгавай платформе Ulej.by.

А для тых, хто асабліва паспрыяе запісу і выданню дыска, музыкі падрыхтавалі крутыя падарункі: майстар-клас па народных спевах, карпаратыўны канцэрт, напісанне музыкі і ўдзел у сапраўднай этнаграфічнай экспедыцыі! 

Некаторыя песні з новага альбома прагучаць на канцэрце 17 красавіка, дзе Vuraj зайграе разам з польскім этна-джазавым гуртом T/Aboret.

Падтрымайце праект на Ulej.by: мы разам захаваем галасы продкаў і дамо старажытным спевам новае жыццё!

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру