У рэдакцыю «Нашай Нівы» звярнуліся людзі, пакліканыя на зборы рэзервістаў, якія праходзяць па ўсёй краіне ў рамках праверкі баяздольнасці войска.
«Ці не маглі б вы даведацца, чаму пасля праходжання збораў нам аплацяць толькі рабочыя дні, а выходныя мы фактычна правялі тут бясплатна?» — так гучала пытанне.
Людзі наракалі, што бухгалтары на іх прадпрыемствах не ведаюць, як разлічваць кампенсацыю, і, найхутчэй, будуць проста накладаць дні на рабочы табель — выходныя, такім чынам, не скампенсуюцца.
Мы звярнуліся ў Міністэрства абароны па тлумачэнне. Там кажуць, што разлік павінен адбывацца за ўвесь перыяд.
«Тут мы кіруемся шостым артыкулам закона «Аб воінскім абавязку і вайсковай службе», а таксама пастановай Саўміна ад 17 снежня 2003 года №1642 «Аб фінансаванні мерапрыемстваў, звязаных з выкананнем грамадзянамі вайсковага абавязку».
Так, грамадзянам, пакліканым на зборы, па месцы іх работы выплачваецца сярэдні заробак за перыяд праходжання вайсковых збораў. ІП і беспрацоўным — выплочваецца мясцовымі органамі з разліку 15 базавых велічынь за адзін месяц. Гэта каля 367 рублёў», —
адказаў кіраўнік прэс-службы Уладзімір Макараў.