14.04.2018 / 13:41

«Гуляўся з магнітнымі шарыкамі, глытаў па адным, а яны ў кішэчніку сабраліся ў кола»: дзіцячы хірург расказаў пра здарэнні з малымі 5

Дацэнт кафедры дзіцячай хірургіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандр Глуткін расказаў «Нашай Ніве», з якімі траўмамі найчасцей сутыкаюцца дзеці і што трэба ведаць, каб гэтага не дапусціць. 

З хірургам мы пагаварылі ў рамках выставы БРСМ «100 ідэй для Беларусі», дзе наш суразмоўца стаў адным з пераможцаў. 

Хірург Аляксандр Глуткін.

«Адна з асноўны дзіцячых траўмаў — гэта апёкі. Каля сямі тысяч дзяцей у нас апякаюцца штогод. І пятую частку з іх аперуюць. Зона рызыкі — да трох год, і я скажу, што віны пажараў тут мала. У абсалютнай большасці выпадкаў — гэта неасцярожнасць ці шчырая дурасць бацькоў.

Асабліва абураюць такія выпадкі, калі маці на адну руку бярэ дзіця, а ў другой трымае кубак з гарачым чаем. І добра, калі яшчэ плячом не прыціскае да вуха мабільны. У выніку дзіця пачынае махаць нагамі, абарочвае на сябе кіпень. Тая тэмпература для дарослага не страшная — пачырванее скура ды ўсё. А для дзіцяці адна секунда ўздзеяння тэмпературы 88 градусаў можа скончыцца перасадкай скуры.

Але часта дзеці перакульваюць на сябе нешта і без удзелу бацькоў. Тут трэба заўсёды памятаць: дзеці растуць вельмі хутка. У панядзелак ён не даставаў да стала, а ў пятніцу вывернуў на сябе чай, што стаяў на краі. І бацькі проста не ўлавілі момант, калі ён падрос», — расказаў доктар. 

«Таксама «папулярна» праглынанне іншародных целаў. З апошніх усплёскаў — час, калі ўвялі манеты.

А таксама я добра памятаю, калі пачалася і калі скончылася акцыя з «бонсцікамі», і не таму, што я хаджу ў «Еўраопт», а таму, што мы ўвесь гэты час іх даставалі.

Медыцына — як фільтр таго, што адбываецца ў эканоміцы.

Таму я тут падкрэслю: не давайце дзецям гуляцца з дробнымі рэчамі! Хавайце батарэйкі, хай усе цацкі будуць закручаныя болцікамі, і каб нічога не ляжала на падлозе.

Я, бывае, са сваімі студэнтамі жартую: калі не ведаеце, як накарміць дзіця, то выверніце кашу на падлогу, і ён яе з'есць. У іх фізіялогія такая — яны ўсё, што знаходзяць на падлозе, цягнуць у рот.

Канечне, у большасці выпадкаў праглынуты прадмет выходзіць сам, і ніхто не даведваецца, што дзіця нешта праглынула. Але з вялікімі манетамі такога не праходзіць — яны звычайна захрасаюць у страваводзе, дзіця не можа глытаць, плача.

У такіх выпадках гэта вымаем ужо мы непасрэдна са страваводу, калі немагчыма — то прапіхваем у страўнік і вымаем ужо адтуль», — расказаў хірург і падмацаваў словы гісторыяй. 

«Нядаўна быў такі выпадак, што дзіцё гулялася з магнітнымі шарыкамі. Відаць, цягам гульні адзін па адным ён іх глытаў і, калі нейкая іх колькасць апынулася ў кішэчніку, то яны адзін да аднаго прымагніціліся і сталі ў кола!

Адбылася перфарацыя, парваліся сценкі, давялося рабіць паласную аперацыю і рэзаць кішэчнік.

Было таксама, што падлетак трымаў у роце іголку, тут захацелася яму чыхнуць, ён увабраў паветра ў сябе — іголкі няма. Потым на здымку выявілася, што яна ў лёгкіх. Таксама аперацыя была не самая простая.

Апроч гэтага вельмі любяць глытаць упрыгожанні. Дарэчы, была і такая гісторыя — дзяўчынка ўступіла ў БРСМ, і гэты ж дзень яе брацік праглынуў значак, так хацеў уступіць, відаць», — успомніў Аляксандр Глуткін. 

«Ну і дадам, што вельмі часта бываюць атручванні нейкай хіміяй: бацькі пакінулі капсулу з парашком, а дзіцё разгрызла, праглынула. Часам вынікі такіх апёкаў вельмі сумныя, і дзяцей даводзіцца вазіць на аперацыі ў іншыя краіны. Таксама п'юць воцат, ай, чаго толькі не п'юць!

Зусім нядаўна дзяўчынка ў школе — 3 клас — прымусіла двух аднакласнікаў выпіць клей! Як там ужо што было, я не ведаю, але ў гэтай тупасці знайшлася доля розуму, калі можна казаць так увогуле, і клей яны разбавілі вадой. Таму апёкі аказаліся не крытычнымі, іх выратавалі».

Таксама доктар нагадвае пра частыя механічныя пашкоджанні, калі дзеці засоўваюць рукі і ногі ў культыватары ці яшчэ нешта, калечацца з піратэхнікай.

«Галоўнае — сачыце за дзецьмі, ніколі іх не недаацэньвайце. Бо вы думаеце, што ён туды не залезе, а ён адтуль саскочыць. Будзьце пільнымі», — раіць доктар. 

***

На конкурсе БРСМ «100 ідэй для Беларусі» Аляксандр Глуткін перамог з распрацоўкай спецыяльнага пакрыцця з іонамі срэбра для лячэння ран. Яна выглядае як сетка, якая кладзецца на месца апёкаў ці іншых паверхневых ран, а ўжо наверх робіцца перавязка. Доктар тлумачыць, што, перавязваючы раны без гэтай сеткі, можна траўмаваць скуру тканінай бінта, бо тая прыліпае да яе. А сетка са срэбрам не дае бінту зліпнуцца, іоны срэбра тут граюць супрацьмікробную ролю і таксама паскараюць загойванне. 

Аналагічныя напрацоўкі існуюць у Германіі, але цана іх вышэйшая. Каб наладзіць вытворчасць беларускіх сетак і пачаць пастаўляць іх у аптэкі і бальніцы, кажа доктар, трэба трохі болей за год. 

АЯ

1
Колька / Адказаць
12.04.2018 / 19:27
дочка весь пластилин съела дома
0
Ирина / Адказаць
12.04.2018 / 20:24
Колька. эта статья для вас!

https://nn.by/?c=ar&i=208008
1
гердзень / Адказаць
12.04.2018 / 20:26
Барні, гэта ты?
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру