«Унутраны дыяметр трубы складае 4 метры. Такім чынам, сістэма аптымізаваная як для транспарціроўкі пасажырскіх капсул, так і грузавых кантэйнераў», — адзначаецца ў заяве кампаніі. Для параўнання, унутраны дыяметр танэля мінскага метро складае крыху больш за 5 метраў.

У рамках першай фазы будаўніцтва плануецца сабраць лінію працягласцю каля 320 метраў. Яе эксплуатацыя павінна будзе пачацца ўжо ў гэтым годзе. У 2019 годзе плануецца завяршыць будаўніцтва ўчастка сістэмы даўжынёй у 1 кіламетр. Трубы гэтай лініі будуць усталяваныя на апорах на вышыні 5,8 метра над зямлёй.

Плануецца, што першая цалкам функцыянальная пасажырская капсула, стварэнне якой на дадзены момант вядзецца іспанскай кампаніяй Carbures, будзе дастаўленая на выпрабавальны аб'ект для зборкі і інтэграцыі ў сістэму ўжо гэтым летам. Яна будзе аснашчаная 28-40 пасажырскімі месцамі і зможа развіваць хуткасць да 1223 кіламетраў у гадзіну.

На дадзены момант распрацоўкай сістэмы Hyperloop займаецца не толькі HTT. Ужо каля года кампанія Virgin Hyperloop One мае ў сваім распараджэнні тэставую лінію, аднак, у адрозненне ад HTT, дыяметр трубы Virgin Hyperloop One складае ўсяго 3,3 метра, што не зусім пасуе для практычнага прымянення, а хутчэй разлічана выключна на дэманстрацыю.

Нагадаем, што ідэю Hyperloop прадставіў ў 2012 годзе інжынер, прадпрымальнік, інвестар і ўладальнік SpaceX і Tesla Motors Ілан Маск. Яна заключаецца ў тым, што ў трубах над паверхняй зямлі ва ўмовах надзвычай разрэджанага паветра, амаль у вакууме, з невялікім інтэрвалам і хуткасцю аж да 1220 кіламетраў за гадзіну будуць перасоўвацца капсулы з пасажырамі або грузамі. Пры гэтым капсула не будзе кранацца сценак трубы з-за эфекту паветранай падушкі, такім чынам пазбягаючы негатыўнага эфекту трэння. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?