Чарнігаўскі раённы суд да сярэдзіны чэрвеня падоўжыў арышт грамадзяніна Беларусі Юрыя Палітыкі, які абвінавачваецца ў зборы сакрэтнай інфармацыі ва Ўкраіне на карысьць замежнай дзяржавы, піша «Радыё Свабода».

Разгляд хадайніцтва пракуратуры аб падаўжэньні тэрміну арышту быў адзіным пытаньнем, якое сёньня разглядаў суд — паседжаньне працягвалася 45 хвілін.

Ад пачатку падрыхтоўчага судовага працэсу ў сярэдзіне лютага суд дагэтуль ня можа распачаць разгляд пытаньня аб адпаведнасьці ўкраінскаму заканадаўству абвінаваўчага акту, выстаўленага Юрыю Палітыку — згодна з артыкулам 114 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны аб шпіёнстве, яму пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў з канфіскацыяй або без канфіскацыі маёмасьці.

Згодна з працэсуальным заканадаўствам Украіны, толькі пасьля таго, як суд вынясе вэрдыкт аб законнасьці абвінаваўчага акту, справа можа разглядацца па сутнасьці.

Апроч таго, сёньняшняе судовае паседжаньне зноў праходзіла пры адсутнасьці ягоных адвакатаў. Адзін зь іх — Тарас Герэлюк зараз падвышае сваю кваліфікацыю ў Страсбургу (Францыя), іншыя два праваабаронцы адсутнічалі таксама паводле паважных прычын — яны былі занятыя на судовых працэсах па іншых справах. У сувязі з гэтым суд прызначыў яшчэ аднаго дзяржаўнага адваката.

Наступнае паседжаньне судовай калегіі ў справе грамадзяніна Беларусі адбудзецца 24 красавіка а 15.00.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?