Еўрапейскі саюз бліжэйшым часам аб’явіць аб рашэнні пачаць перамовы наконт заключэння пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму і зніжэнні кошту шэнгенскіх віз для грамадзян Беларусі. Аб гэтым паведаміў прадстаўнік МЗС Германіі на сустрэчы з беларускімі журналістамі 16 кастрычніка ў Берліне.

«Бліжэйшыя планы ЕС адносна Беларусі — гэта памяншэнне кошту віз да 35 еўра», — заявіў прадстаўнік нямецкага МЗС, які не пажадаў назвацца. Паводле яго слоў, нельга разглядаць кошт віз у памеры 60 еўра як санкцыю супраць беларускіх грамадзян. ЕС не зацікаўлены ізаляваць Беларусь і «пакідаць белую пляму на карце Еўропы», заявіў супрацоўнік знешнепалітычнага ведамства.

«Няма прычыны ставіцца ў візавым пытанні да грамадзян Беларусі інакш, чым да грамадзян Украіны і Расіі, гэта не адпавядае здароваму сэнсу», — заявіў прадстаўнік МЗС Германіі. Паводле яго інфармацыі, у 2007 годзе нямецкае пасольства ў Мінску выдала каля 100 тыс. віз, з якіх трэць былі бясплатнымі.

Як зазначыў дыпламат, рашэнні па шэнгенскіх візах прымаюцца не толькі МЗС, але і МУС. «Калі МЗС зацікаўлена шырэй расчыніць дзверы, то МУС — мацней зачыніць, бо непакоіцца аб сітуацыі са злачыннасцю», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?