У Ерэване прыхільнікі апазыцыі пачалі абвешчаную напярэдадні акцыю грамадзянскага непадпарадкаваньня, каб прадухіліць прызначанае на 17 красавіка галасаваньне ў парлямэнце па кандыдатуры былога прэзыдэнта Сержа Саргсяна на пасаду прэм’ер-міністра Армэніі, паведамляе радыё «Свабода».

Арганізатар акцыі, лідар партыі «Грамадзянскі дагавор» Нікол Пашынян з прыхільнікамі заблякавалі некалькі вуліц у цэнтры Ерэвана. Да іх далучыліся студэнты, пачаўшы сядзячую забастоўку. На 10 хвілін быў спынены рух мэтро, заблякаваныя некалькі мастоў.

На скрыжаваньні адной з вуліц гораду адбылося сутыкненьне паміж пратэстоўцамі і кіроўцам аўтамабіля з дзяржнумарамі. Кіроўца і пасажыры напалі на актывістаў, нанесьлі ім удары і, прарваўшы выстаўленае студэнтамі ачапленьне, селі ў машыну і зьехалі.

Паліцыя Армэніі абвясьціла, што «ўсе дзеяньні актывістаў незаконныя, гэтым яны абмяжоўваюць права грамадзян на свабоду перамяшчэньня». Пра прымяненьне сілы да актывістаў не паведамляецца.

Удзельнікі шэсьця на чале з Ніколам Пашынянам прайшлі празь некалькі паліцэйскіх кардонаў. Яны падымалі ўгору рукі, паказваючы, што ня маюць намеру ўступаць у сутыкненьні з паліцыяй і што іх акцыя мірная.

Пазней, у выніку супрацьстаяньня паміж пратэстоўцамі і паліцыяй на праспэкце Баграмяна ў Ерэване як мінімум двое дэманстрантаў былі параненыя.

Паліцыя расьцягнула калючы дрот і ўжыла спэцсродкі, праўдападобна шумавыя гранаты.

Таксама паліцыя папярэдзіла дэманстрантаў, што прынятае рашэньне аб разгоне дэманстрацыі.

У сакавіку парлямэнт Армэніі ўпершыню выбраў новага прэзыдэнта краіны, канчаткова завяршыўшы канстытуцыйную рэформу 2015 года.

Краіна пераходзіць да парлямэнцкай формы праўленьня. Кіраваць дзяржавай стане прэм'ер-міністар. Кіруючая Рэспубліканская партыя Армэніі 14 красавіка вылучыла на гэтую пасаду Сержа Саргсяна, які з 2008 па 2018 гады займаў пасаду прэзыдэнта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0