17.04.2018 / 12:29

Колер беларускай памяці — кіслотны. Як выглядае гандаль штучнымі кветкамі на Радаўніцу ФОТЫ Сяргея Гудзіліна 37

Іх «сезон» пачынаецца амаль адразу пасля навагодніх свят. Партыі пластыкавых кветак на сотні кілаграмаў трапляюць у Беларусь праз Польшчу (больш якасныя) і Расію (менш якасныя). Але гэта толькі пачатак — яркія бутоны палімерных «кветак» яшчэ «не распусціліся»…

Тое, што беларусы купляюць на рынках і ў пунктах рытуальных паслуг, а пасля нясуць на знак памяці на магілы продкаў, першапачаткова выглядае як набор «зрабі сам». Спрасаваныя на кітайскіх фабрыках камплекты галінак, пялёсткаў і бутонаў трэба яшчэ ўручную падрыхтаваць для продажу.

«Тут кожны мае сваю тэхналогію. Нехта робіць гэта нават дома», — расказвае мне немаладая жанчына ў пункце продажу штучных кветак у Мінску. Без вялікай ахвоты мне дазволілі паназіраць за штогадовым «выбухам фарбаў» на рынку беларускай памяці. Выпарванне і працэс зборкі дастаткова просты — нарыхтоўку для кветкі трымаюць нейкі час над парай. Так спрасаваны пластык раскрываецца і набывае аб’ем, а фарбы ад тэмпературы робяцца яшчэ ярчэйшымі і «жывымі». Пасля ўсё збіраецца рукамі ў гатовы на продаж прывабны выраб.

Чым большы аб’ем партыі, тым большыя магутнасці трэба, каб яе падрыхтаваць. Саматужнікі робяць гэта дома — над рондалем з кіпнем на пліце. Прадпрымальнікі ж арандуюць асобныя памяшканні. У гаражах ці прамзонах у іх стаяць самаробныя «выпарвацелі», якія аддалена нагадваюць самагонны апарат. Ёсць і «прафесійныя хваробы» — хімічныя фарбы раз’ядаюць скуру рук, наносяць шкоду лёгкім і г.д. Адзін з прадаўцоў паказвае мне грубую і пацямнелую скуру на далонях…

Продаж штучных кветак — сезонны. Калі гандляры не займаюцца рытуальнымі паслугамі альбо не маюць вялікага пункту, то гарачыя продажы ідуць у час Вялікадня, Радаўніцы і Дзядоў. Гэты бізнэс узнік у сярэдзіне 90-х, калі на рынак хлынулі танныя полімерныя кветкі з Кітая. Да гэтага вырабам штучных кветак у невялікіх аб'ёмах займаліся рамеснікі.

Ад ранку гандляры афармляюць вітрыны: са складоў на тачках выцягваюць каробкі рознакаляровых кветак, расстаўляюць іх на спецыяльных драўляных каркасах. Канкурэнты побач і робяць тое самае. Пакупнікоў сустракаюць стракатыя «дываны» з пластыку. Па якіх эстэтычных катэгорыях адбываецца выбар — не спрагназуе ніводны маркетолаг. Час жыцця такіх кветак — год. Больш якасныя, якія вязуць з Польшчы, стаяць даўжэй. Танныя вырабы для былога СССР — выгараюць на сонцы і пад дажджом імгненна.

З-за масавага выкарыстання палімерных кветак эколагі б’юць трывогу ўжо даўно. Па іх інфармацыі, кожны год беларусы прыносяць на могілкі каля 1 мільёна штучных кветак агульным коштам каля паўмільёна даляраў. Пасля прыборак на могілках штогод назапашваюцца тонны шкоднага смецця, якое складана перапрацаваць. З нядаўняга часу праблему заўважыла і Праваслаўная царква. Святары раяць прыхаджанам адмаўляцца ад штучных кветак на могілках, а грошы, выдаткаваныя на «пластык», ахвяраваць на дабрачыннасць і дапамогу бліжнім.

Традыцыя побытавых і рытуальных упрыгожванняў існавала ў беларусаў ва ўсе часы. У культуры гэтую функцыю выконвалі прыродныя матэрыялы з навакольнага асяроддзя — расліны, дрэва, камень, тканіна і г.д. Вядома, што тэхналогіі і час — ствараюць новыя рынкі, падстройваюцца і трансфармуюць старыя традыцыі і ствараюць новыя сэнсы. Але проста ўзгадайце як па-святочнаму выглядаюць аздобленыя ручнікамі крыжы ў беларускіх вёсках.

Чытайце таксама:

Радаўніца ў цыганоў — фотарэпартаж

Меню для продкаў: як на Радаўніцу «сервіруюць» магілы — фотарэпартаж Сяргея Гудзіліна

Фота і тэкст Сяргея Гудзіліна

23
Аlisa / Адказаць
17.04.2018 / 12:36
Ажно ванітуе ад усяго гэтага... не могілкі, а нейкі цырк-шапіто... ці цяжка пасадзіць жывыя кветкі?
1
Лях / Адказаць
17.04.2018 / 12:43
Рэд. Дзякуй. Выправілі.
6
хамса / Адказаць
17.04.2018 / 12:49
Сяргей, супер!
царква супраць.. але яна першая ж і задае моду - у ёй (унутры ва ўвабранні) шмат кветак.. жывых.. за царквой сочаць кожны дзень.. на могілкі не наведаешся так часта.. а адчуванне штодзённай прысунасці хочацца мець.. таму і штучныя кветкі
хай царква сама перш адмовіцца ад кветак.. тым больш - незразумела, навошта яны ёй? яна ж тыпу нябёсная.. дык навошта зазямляцца - кветкі ірваць, дрэвы ламаць? (як нядаўна на пасху)
Паказаць усе каментары/ 37 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру