Беларусь блізкая да заключэння першага экспартнага кантракту на пастаўку ракетных комплексаў «Паланэз», даведалася расійская газета «Коммерсант». Па дадзеных крыніц выдання, купцом выступае Азербайджан.
Першая экспартная пастаўка ракетных сістэм «Паланэз» беларускай вытворчасці можа адбыцца ўжо ў 2018 годзе, піша газета «Коммерсант» са спасылкай на крыніцу, блізкую да Мінабароны рэспублікі.
Юрыдычныя дакументы па гэтым кантракце знаходзяцца ў стадыі фінальнага афармлення, пакупнік «заканчвае вырашаць свае фінансавыя пытанні», распавяла крыніца. Пры гэтым яна дадала, што гаворка «аб крэдыце з боку Мінска не ідзе». Суразмоўца газеты не назваў краіну-пакупніка. Паводле яго слоў, першая пастаўка ўключае дзесяць камплектаў ракетных сістэм. У яе ўключаны ракеты, транспартна-зараджальныя машыны, пункт кіравання, радыёлакацыйныя станцыі і іншае абсталяванне.
Па словах двух топ-менеджараў расійскіх абаронных прадпрыемстваў, у ролі пакупніка выступае Азербайджан. МЗС Азербайджана не стаў каментаваць гэтую інфармацыю, адзначае выданне.
Гэты кантракт можна разглядаць як «трохі запознены адказ Азербайджана на пастаўкі Расіяй комплексаў «Іскандэр» у Арменію», сказала газеце вайскова-дыпламатычная крыніца.
Варта адзначыць, што Азербайджан застаецца фактычна ў стане вайны з Арменіяй, блізкай саюзніцай Расіі і саюзніцай Беларусі па АДКБ.