У пятніцу прайшоў цэнтральны матч 27‑га туру чэмпіянату Беларусі па футболе. У вочным супрацьстаяньні на стадыёне «Трактар» сышліся лідэры першынства МТЗ‑РІПА і БАТЭ.
Матч быў вынесены на пятніцу па просьбе барысаўскага клюбу, які ў наступны аўторак правядзе чарговую гульню групавога этапу Лігі чэмпіёнаў супраць піцерскага «Зэніту». Многія гульцы абедзьвюх каманд яшчэ нядаўна апраналі майкі нацыянальнай і моладзевай зборнай Беларусі, таму і адчувалася некаторая стома.
Большую палову гульні клюбы гулялі без удараў па варотах, затое хапала грубасьці. Толькі напрыканцы БАТЭ змог крыху ўзьвінціць тэмп, але забіць так і не атрымалася — 0:0.
Цяпер БАТЭ мае 57 пунктаў (пасьля 25 гульняў), у МТЗ‑РІПА — 51 (27), менскае «Дынама» — 50 (26). Для таго, каб заваяваць пяты чэмпіёнскі тытул у сваёй гісторыі барысаўцам трэба атрымаць дзьве перамогі ў пяці апошніх сустрэчах.