На паседжанні Палаты прадстаўнікоў 19 красавіка дэпутаты амаль адзінагалосна (98 — «за», 2 — «супраць») ухвалілі змены ў Закон аб СМІ.

Гэта было першае чытанне, такім чынам, некаторыя хібы і пажаданні яшчэ могуць быць улічаныя.

Сярод законапраектаў апошняга часу змены ў Закон аб СМІ хіба не самыя рэзанансныя. Пра іх шмат гаварылі, з імі шмат не пагаджаліся. 

Што сёння ў падтрымку законапраекта казаў міністр інфармацыі Алесь Карлюкевіч і якія пытанні яму задавалі дэпутаты?

Алесь Карлюкевіч, фота Волі Афіцэравай.

Алесь Карлюкевіч, фота Волі Афіцэравай.

У анонсе свайго выступу ў парламенце Карлюкевіч апеляваў да «неабходнасці гарманізацыі закона з законамі краін ЕАЭС — Расіі і Казахстана». 

«Сетка інтэрнэт — гэта інструмент інфармацыйных войнаў», — адзначаў міністр, казаў, што змены прадыктаваныя часам. 

«А ці ўлічылі вы досвед краін Еўропы, ці толькі Расіі і Казахстана?», — потым упікнула Карлюкевіча дэпутатка Анісім. Той у адказ дзяжурна запэўніў, што маўляў, усё ўлічвалася. 

Самыя рэзанансныя змены, дарэчы, Карлюкевіч тлумачыў клопатам пра выдаўцоў: 

«Папярэдняя ідэнтыфікацыя карыстальнікаў [каментатараў] мінімізуе рызыкі адказнасці за размяшчэнне забароненай інфармацыі ўласнікам сайта», — сказаў міністр. 

Яшчэ з цікавых пунктаў — забарона валодаць больш як 20% акцый СМІ (або быць заснавальнікам СМІ) замежнымі грамадзянамі ці кампаніямі.

Таксама Карлюкевіч сказаў, што ўводзіцца магчымасць спыніць вяшчанні СМІ, якое прапагандуе вайну і гвалт — цікава, СМІ якой краіны міністр у гэты момант трымаў у галаве?

Нагадаў Карлюкевіч і пра патрабаванне да тэлеканалаў мець прынамсі 30% нацыянальнага кантэнту — да гэтай фармулёўкі потым прычапіўся салігорскі дэпутат Андрэй Рыбак.

«Што, будзем закрываць рэгіянальныя СМІ? — спытаў ён. — Колькі сёння каналаў не адпавядаюць гэтым крытэрыям? Колькі грошай трэба, каб яны павялічылі кантэнт у адпаведнасці з нормай?» 

Карлюкевіч даў зразумець Рыбаку, што збочваць са шляху павелічэння долі нацыянальнага кантэнту міністэрства не збіраецца. 

«Найбольш уплывовыя рэгіянальныя каналы здольныя выканаць патрабаванні і сёння. Але ўсе каналы павінны адпавядаць закону, можа быць, пытанне толькі ў тэрмінах [пачатку дзеяння зменаў], каб усе паспелі прывесці кантэнт у адпаведнасць», — сказаў міністр.

Адметна, што іншая дэпутатка — Аксана Няхайчык, — нават перапытала, чаму гаворка ідзе толькі пра 30% беларускага кантэнту, а не 50%, як у тым жа Казахстане. 

Важнае пытанне задала і дэпутатка Юлія Муліна: «Чаму захоўваецца пазасудовае закрыццё рэсурсаў?», — спытала яна.

Жанчына мела на ўвазе сітуацыю, калі для таго, каб абмежаваць доступ да СМІ ці закрыць яго, не трэба мець санкцыю суда — дастаткова толькі рашэння рэгулятара, якое часам прымаецца паводле не вельмі зразумелых алгарытмаў.

Уцямнага адказу на пытанне дэпутатка не атрымала. 

«Хуткасці іншыя тады будуць, — сказаў Карлюкевіч. — Усе будуць парушаць, разумеючы, што рашэнне будзе прынятае праз доўгі час».

Таксама было відавочна, што частка дэпутатаў проста не разумела, пра што канкрэтна вядзецца гаворка. 

Прынамсі некалькі чалавек, калі ім далі магчымасць выступіць з абмеркаваннем закону, пачалі расказваць завучаныя маналогі пра дзяцей, «якім інфармацыя ў інтэрнэце можа нанесці шкоду». «Там парнаграфія, агітацыя да самазабойстваў», — казалі яны. Праўда прычым тут СМІ? 

У прыватнасці, адказваючы на падобнае пытанне дэпутатцы Вользе Петрашовай, Карлюкевіч вымушаны быў тлумачыць, што адсочваннем такога дэструктыўнага кантэнту ў інтэрнэце — не СМІ — займаецца адмысловая рада з дзеячаў культуры і педагогаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?