20.04.2018 / 08:41

10 падпісантаў Дэкларацыі незалежнасці Ізраіля — людзі з Беларусі 6

Давід Бэн-Гурыён абвяшчае незалежнасьць Ізраілю ў будынку Тэль-Авіўскага мастацкага музэю 14 траўня 1948 году, Ізраіль

19 красавіка ў Ізраілі адзначылі 70-годзьдзе незалежнасьці. Дэклярацыю незалежнасьці Ізраілю падпісалі 37 чалавек: 9 зь іх нарадзіліся на тэрыторыі цяперашняй Украіны, 7 — Польшчы, 3 — Малдовы, па 2 — Нямеччыны і Літвы і па 1 — Вугоршчыны, Даніі, Емэну і Палестыны (у складзе Асманскай імпэрыі). А найбольш падпісантаў — 10 — паходзяць зь Беларусі.

Вось яны:

Эліягу Бэрлін (1866, Магілёў — 1959, Тэль Авіў). Грамадзкі і палітычны дзяяч, скончыў юрыдычны факультэт Маскоўскага ўнівэрсытэту. Удзельнік Першага сіянісцкага кангрэсу. Пераехаў у Палестыну ў 1907 годзе.

Эліягу Добкін (1898, Бабруйск — 1976, Тэль Авіў). Адзін зь лідэраў руху рабочых сіяністаў. Вучыўся ў Харкаве, пасьля Першай сусьветнай вайны перабраўся ў Беласток. У 1932 годзе эміграваў у падмандатную Палестыну. Падчас Другой сусьветнай вайны арганізоўваў нелегальную іміграцыю эўрапейскіх габрэяў у Палестыну. Заснавальнік Музэю Ізраілю.

Зэеў Голд (1889, Шчучын, — 1956, Ерусалім). Рабін у восьмым пакаленьні. У 1907 эміграваў у ЗША, дзе быў адным зь піянэраў артадаксальнага юдаізму. У 1935 годзе эміграваў у Палестыну.

Эліэзэр Каплан (1891, Менск — 1952, Тэль Авіў). Палітык, сіянісцкі актывіст. Скончыў вучобу ў 1917 годзе ў Маскве па спецыяльнасці інжынер-будаўнік. Удзельнік дэлегацыі УНР на Парыскай мірнай канфэрэнцыі. У 1920 годзе іміграваў у Палестыну. Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці займаў пасты міністра фінансаў, міністра гандлю і прамысловасьці, у 1952 быў віцэ-прэм’ерам Ізраілю.

Аўрам Кацнэльсон (1888, Бабруйск — 1956). Вучыўся ва ўніверсітэтах Пецярбурга і Масквы, доктар мэдыцыны. Падчас Першай сусьветнай вайны — лекар у расейскім войску. З 1924 году ў Палестыне. Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці — на дыпляматычнай працы ў ААН, Швэцыі.

Мошэ Коль (1911, Пінск — 1989). Палітык, сіянісцкі актывіст. Іміграваў у Палестыну ў 1932 годзе. У 1960-70-х гадах займаў пасады міністра турызму і міністра разьвіцьця. Аўтар некалькіх кніг пра ізраільскую зьнешнюю і ўнутраную палітыку.

Мошэ Давід Рэмэз (1889, Копысь — 1951, Ерусалім). Палітычны і дзяржаўны дзяяч. Пераехаў у асманскую Палестыну ў 1913 годзе. За часы брытанскага мандату адзін з заснавальнікаў левай партыі Мапай, лідэр прафсаюзнага руху. Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці займаў пасады міністра транспарту, пасьля міністра адукацыі. Пісаў артыкулы і вершы, увёў у сучасны іўрыт нямала новых словаў і выразаў.

Хаім Мошэ Шапіра (1902, Горадня — 1970). Палітычны і дзяржаўны дзяяч, палітычны лідэр рэлігійнага сіянізму. Пасьля Першай сусьветнай вайны жыў у Коўне, Вільні, Варшаве, Бэрліне. У 1925 годзе іміграваў у Палестыну. У 1938 годзе быў накіраваны зь місіяй ратаваньня габрэяў Аўстрыі пасьля Аншлюсу. Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці займаў пасады міністра аховы здароўя, міністра ўнутраных справаў, міністра ў справах рэлігіі.

Зэрах Варгафтыг (1906, Ваўкавыск — 2002). Юрыст, палітык і рабін. Скончыў юрыдычны факультэт Варшаўскага ўнівэрсытэту. З пачаткам Другой сусьветнай вайны ўцёк з Польшчы ў Літву. Падчас вайны разам зь японскім віцэ-консулам у Літве Сугіхарам арганізаваў выдачу габрэйскім уцекачам візаў для выезду з СССР праз Японію на востраў Кюрасао, усяго было выдадзена 1600 візаў і ўратавана шмат жыцьцяў. Іміграваў у падмандатную Палестыну ў 1947 годзе. Адзін з заснавальнікаў Унівэрсытэту Бар-Ілана.

Арон Цызьлінг (1901, Нарачэвічы, Менская губэрня — 1964, Эйн-Харод). Грамадзкі і палітычны дзяяч. У 1914 годзе пераехаў зь сям’ёй у Палестыну. У 1930-х гадах актывіст маладзёвага руху, які займаўся ратаваньнем габрэйскай моладзі ад нацыстаў. Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці быў першым міністрам сельскай гаспадаркі Ізраілю.

Зь Беларусі паходзіць і шмат іншых ізраільскіх дзяржаўных, палітычных і грамадзкіх дзеячоў, у тым ліку тры прэзыдэнты — Хаім Вэйцман (першы, 1949-1952), Залман Шазар (трэці, 1963-1973) і Шымон Пэрэс (дзявяты, 2007-2014).

0
белорус / Адказаць
20.04.2018 / 09:50
А вот как один из отцов-основателей относился к обычным евреям. «Я сказал королевской комиссии (комиссии Пиля), что надежда для 6 миллионов евреев Европы — эмиграция. Меня спросили: «Высможете доставить их всех в Палестину?» Я ответил: «Нет. Будущее покажет. Они избегут своей судьбы или нет. Они — пыль, экономическая и социальная в этом ужасном мире. Уцелеет только ветвь. Всем остальным придется принять это. Если уцелеют в страданиях, найдут свое место. Я молюсь, чтобы могли сберечь остатки нашего народа. Это все что нам осталось.».(Бен Хехт. Обман. Тель-Авив. 1987.с. 28)
0
Чытач / Адказаць
20.04.2018 / 10:17
Габрэі былі і ў БНР
http://www.istpravda.ru/digest/1004/
0
Базыль / Адказаць
20.04.2018 / 10:50
белорус, І што тут такога? Сказаў як ёсьць, без падманаў. Так і сталася. Толькі ў нас адзін можа прывесьці да светлай будучыні - камунізму, квітнеючай Беларусі, лічбавай эканомікі і 1000 рублёў заробку... 
Паказаць усе каментары/ 6 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру