У СІЗА-1 Сімферопаля мінімум чатыры чалавекі памерлі ненатуральнай смерцю, двое з іх — крымскія татары. Пра гэта паведамляе «Крымская праваабарончая група» са спасылкай на свае крыніцы.

«КПГ мае інфармацыю, што, імаверна, 6 красавіка знойдзеныя павешанымі: Сервер Білялаў, 69 гадоў, і Алег Ганчароў, 46 гадоў. 12 красавіка ў штрафным ізалятары (карцары) знойдзены павешаным 23-гадовы Дзмітрый Шыпоўнік», — распавялі праваабаронцы.

13 красавіка ў камеры нумар 8, куды змяшчаюць новых вязняў, у так званым «карантыне», з перарэзаным горлам знойдзены 39-гадовы Іслам Іскераў, дастаўлены ў СІЗА Сімферопаля з Джанкоя.

Па словах праваабаронцаў, яны не ведаюць, што менавіта паслужыла прычынай смерці гэтых людзей. Аднак версіі пра самагубствы можна разглядаць як малапераканальныя.

Паводле сведчанняў, якія маюць праваабаронцы, Сервер Білялаў разлічваў на спыненне крымінальнага пераследу і вызваленне ад пакарання ў найбліжэйшы час дзякуючы выяўленым новым абставінам.

Дзмітрыя Шыпоўніка «знайшлі» мёртвым у карцары. Туды змяшчаюць людзей пасля стараннага асабістага надгляду і зняволены знаходзіцца там адзін пад пастаянным назіраннем.

Акрамя таго, незразумела, што магло падахвочваць Іслама Іскерава перарэзаць сабе горла, лічаць праваабаронцы.

Інфармацыя пра гэтыя падзеі адсутнічае на афіцыйных сайтах Следчага Камітэта РФ, Пракуратуры РФ, ФСВП РФ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0