20.04.2018 / 12:17

«Санкцыі працуюць»: восем цытат з выступу Бяляцкага ў Гомелі 5

У гомельскім грамадзка-палітычным цэнтры на вуліцы Палескай, 52 адкрылася выстава «Лісты палітвязьняў ад 1996 году да нашых дзён», якая расказвае пра парушэньні правоў чалавека ў найноўшай гісторыі Беларусі. У яе адкрыцьці ўзяў удзел і старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі — грамадзкі дзеяч, літаратар, былы палівязень. Ён прэзэнтаваў таксама сваю кнігу «Халоднае крыло Радзімы», напісаную ў турме і празь ліставаньне перададзеную на волю. Свабода запісала восем яскравых цытатаў з выступу Бяляцкага.

Дапамога для першага палітвязьня

«Новая гісторыя Беларусі непарыўна зьвязана з рэпрэсіямі. З «Чарнобыльскага шляху» ў 1996 годзе пачалася праца «Вясны». Напачатку мы і называліся «Вясна-96». На базе музэю Максіма Багдановіча, дзе я працаваў дырэктарам, пачалі зьбіраць дапамогу палітвязьням, фіксаваць парушэньні правоў, ствараць хроніку. Дапамогу для першага палітычнага вязьня, паэта Славаміра Адамовіча, я асабіста зьбіраў на мітынгу. Я назьбіраў грошай поўны пакет. Грошы тады былі танныя — можа, усяго іх было ў эквіваленце 20 ці 30 даляраў. Але людзі праявілі салідарнасьць. Перадаў гэта маці Славаміра Адамовіча — яна была на мітынгу».

300 кіляграмаў харчоў для тых, хто на сутках

«Пазьней, калі на сутках у вязьніцах апынуліся Вячаслаў Сіўчык, Юры Хадыка ды іншыя, я папрасіў свайго знаёмага, на той час дробнага бізнэсоўца, дапамагчы. Ён сказаў, што вольных грошай ня мае, але прывязе з складу харчоў. Ну й прывёз ён кіляграмаў 300 макароны, алею, печыва, кетчупу — усяго, што было ў звычайных крамах. Мы пакавалі перадачы ў пакеты зь лягатыпам «100 год Максіму Багдановічу» і раздавалі ўсім, хто быў рэпрэсаваны. Маці Сіўчыка завезьлі адразу, можа, з паўсотні кіляграмаў гэтых харчоў. Яна была моцна зьдзіўлена такой «натурдапамогай»».

Летась 40 беларусаў праходзілі ў палітычна матываваных крымінальных справах

«Падрыхтавалі нядаўна асобную кніжку, якая называецца «Вясна-2017». Толькі за адзін мінулы год мы зафіксавалі 40 чалавек, якія праходзілі ў палітычна матываваных крымінальных справах. Гэта найперш справа «Белага легіёну», якая мела розгалас».

Атрымліваў больш лістоў, чым уся турма

«Моцны сыгнал падтрымкі ішоў і да мяне, калі я знаходзіўся ў Бабруйскай калёніі. За год гэта былі тысячы і тысячы лістоў і паштовак, у тым ліку сотні зь Беларусі. Пісалі і з Гомлі — да сьвятаў, дня народзінаў і проста так. Бывала, я атрымліваў нашмат лістоў больш, чым уся турма, дзе знаходзіліся 2 тысячы чалавек. Гэта была магутная хваля маральнай падтрымкі».

15 гадоў з 22 «Вясна» працуе без афіцыйнай рэгістрацыі

«15 гадоў з 22, якія існуе «Вясна», мы працуем без афіцыйнай рэгістрацыі. Рахункі ў нас існавалі. Мы трымалі справаздачы перад фондадаўцамі — да нас у іх прэтэнзіяў не было. Улады палічылі ўсе гэтыя грошы на праваабарончую дзейнасьць маім асабістым даходам. Яны атрымалі зьвесткі з рахункаў у Польшчы і Літве на запыт Міністэрства юстыцыі. А Міністэрства юстыцыі зрабіла гэта на просьбу КДБ. Гэта вынікае з крымінальнай справы, якую я вывучаў. Паперкі там усе вылезьлі. На судзе, як мне здаецца, удалося даказаць, што грошы ішлі на працу «Вясны». Нягледзячы на гэта, мне «далі ў плечы» чатыры з паловай гады».

Не хацеў шыць і імкнуўся штодня напісаць хоць старонку

«У калёніі мяне ўпарта спрабавалі пасадзіць за швейную машынку. Я сказаў, што добра ня бачу. У турэмным шпіталі на Валадарцы мяне аглядалі, напісалі: зрок такі і такі. Мне загадваюць: «Тэлефануй жонцы, скажы, што патрэбны акуляры, калі ты ня бачыш, дзе іголка зь ніткаю». Тэлефаную. Начальнік атраду побач стаіць, слухае. Жонка адказвае: «Дык я ж табе перадавала акуляры». Я ёй паўтараю больш настойліва: «Мне патрэбны акуляры! Што — грошай няма? Ну тады празь месяц». Разы тры так тэлефанаваў, а грошай усё няма і няма. Урэшце адчапіліся, і я застаўся пакаваць гатовыя рэчы ў швейным цэху. Адчуваў сябе вальней і мог нават на працы выкраіць якую гадзіну, каб нешта напісаць. Імкнуўся кожны дзень напісаць хоць старонку».

«Калі кажуць, што санкцыі не працуюць — выбачайце»

«Мяне амніставалі першым, як нешта адкупное для Захаду. Палічылі, што праваабаронца — гэта не палітык, ня можа так насаліць. Гэта ўсе ацанілі: ага, можна весьці перамовы. У мяне за год пасьля вызваленьня было чатыры сустрэчы зь міністрамі замежных спраў эўрапейскіх краін, не кажучы ўжо пра іншых чыноўнікаў і эўрадэпутатаў. Я нагадваў: ня складвайце рукі, не адмяняйце санкцыі, дапамагайце вызваленьню палітвязьняў. Пяцёра ж яшчэ на той час былі за кратамі — Статкевіч, Рубцоў, Дашкевіч… Калі кажуць, што санкцыі не працуюць — выбачайце. У маім выпадку спрацавалі, іншым таксама дапамаглі. Успомніце і 2011 год, калі выпусьці палітвязьняў. Там жа пачалі ўводзіць першыя эканамічныя санкцыі. Яны хоць і былі дробнымі, але спрацавалі».

Нашто ўладам патрэбны палітвязьні

«Хто прымаў рашэньне выпускаць палітвязьняў, сказаць складана — усё схавана за тайнай завесаю. Там жа багата розных службаў — і КДБ, і апэратыўна-аналітычны цэнтар, іншыя аддзелы. Яны займаюцца тым, як трымаць людзей у пакоры і страху. Адпаведна й палітычныя зьняволеныя — той чыньнік, які распаўсюджвае страх, не дазваляе многім адчуваць сябе вольнымі. Рэпрэсіі ж скіраваны на абмежаваньне нашых правоў і свабодаў».

1
Наiуны / Адказаць
20.04.2018 / 14:08
Цiкавыя ''cыгналы '' спадар Беляцкi падае (гл. фота ), ажно у дзве рукi ... што б гэта значыла ...
5
Максим Дизайнер / Адказаць
20.04.2018 / 15:01
Угу, працуюць-працуюць, а умеренная мирная сирийская опозиция с гранатометами и шариатом бегут в сторону Турции коллонами, аж пятки сверкают.
3
Людміла / Адказаць
20.04.2018 / 15:22
Дзякуй, Алесь! Дзякуй, Вясна, за дапамогу і эмацыйную падтрымку!
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру