20.04.2018 / 12:37

Абсурд на абсурдзе: як віцебская міліцыя змагаецца з сектантамі, якія адзначалі Дзень Канстытуцыі 23

Васьмярых жыхароў Віцебска прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за «сход» у прыватным памяшканні. Незвычайную гісторыю распавёў партал «Віцебская вясна».

15 сакавіка ў кватэру аднаго з іх увайшла міліцыя: пяцёра чалавек у цывільным. Міліцыянты заявілі, што ўдзельнікі сходу парушаюць заканадаўства. Усіх папрасілі прайсці ў аддзяленне для складання пратакола.

Кіраваў гэтай «спецаперацыяй» старэйшы інспэктар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Кастрычніцкага РАУС Сяргей Веракса, які выступіў у судзе ў якасці сведкі. Паводле ягоных словаў, інфармацыю аб тым, што ў пэўным месцы рэгулярна збіраюцца людзі, якія «вызнаюць нейкую філасофію», ён атрымаў ад ананіма — нібыта жыхара таго самага дома, дзе праходзіла сустрэча.

«Прагучала назва «Сінтэз Фа». Паглядзеў, што гэта такое, у інтэрнэце. І там жа, на сайце арганізацыі, знайшоў спіс, у якім фігуравалі 16 прозвішчаў, 8 з якіх належалі людзям, што ўдзельнічалі ў сходзе. Гэта і стала падставай», — патлумачыў Веракса.

Так званае «Вучэнне Сінтэзу» ці «Сінтэз ФА» — псеўдарэлігійны рух, які ўзнік у Расіі ў сярэдзіне 1990-х. Стварыў яго былы камсамолец і артыст балета Віталій Сярдзюк са Стаўрапаля. Прыхільнікі вераць у «Айца Метагалактыкі», з якім нібыта мае зносіны Сярдзюк. Каб стаць паўнавартасным удзельнікам руху, трэба выслухаць шэраг семінараў, часцей за ўсё платных. Тады людзі нібыта атрымаюць «агонь» і магчымасць пасля перайсці ў «больш высокую рэальнасць».

Самі ўдзельнікі сходу паведамілі, што проста збіраюцца час ад часу пагаварыць на розныя тэмы, у тым ліку і пра космас. У той вечар яны нібыта сабраліся адзначыць Дзень Канстытуцыі, а абмеркаваць паспелі толькі спартовыя дасягненні Домрачавай. Да секты яны дачынення не маюць.

Апошняе — малаімаверна, бо адна з жанчын намагалася зарэгістраваць у Віцебску тыповы для прыхільнікаў «Сінтэзу» «Метагалактычны цэнтр» (праўда, няўдала).

Але ж доказаў, што віцебчукі — сапраўды сектанты, у міліцыі не было. І якое права яна мела ўваходзіць у прыватнае памяшканне і затрымліваць людзей?

У выніку абсурднае затрыманне абсурднага сходу скончылася абсурдным выракам. Віцебчукоў пакаралі за парушэнне закону аб масавых мерапрыемствах — сямёра атрымалі папярэджанні, адну з жанчын як арганізатара аштрафавалі на 20 базавых (490 рублёў).

УШ

2
Прихвостень Кремля / Адказаць
20.04.2018 / 12:43
Свабоду совести и собраний! Тоталитаризм
1
Юзік Крулеўскі / Адказаць
20.04.2018 / 13:21
То бок сабралася чалавек 10 на прыватнай кватэры пачытаць свае вершы -- лічы, што несанкцыянаваная сходка. Не зразумелая ў іх філасофія, а па-просту -- сектанты! Самы той выпадак, калі можна выканаць план па штрафах.

Рэзюмэ: за надта шмат у гэтай краіне міліцыянтаў на душу насельніцтва. Менш міліцыянтаў -- менш у краіне праблемаў! Менш льготных пенсіянераў, якія сыходзяць у 45 гадоў, ды абіраюць нямоглых бабуляў і дзядуляў.
3
Анатоль Сідарэвіч / Адказаць
20.04.2018 / 13:47
Каму яны шкодзілі? Гарлалі, песні непрыстойныя спявалі, мацюкаліся на ўвесь дом? Прынцып недатыкальнасці жылля парушаны ці не парушаны? Ордэр міліцыя мела, каб увайсці ў кватэру і вязаць людзей? 

Паказаць усе каментары/ 23 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру