21.04.2018 / 11:56

Візіянерскі выступ Віктара Пракапені ў «Мінск-Арэне»: прафесіі будучыні, капеечная энергія, праекты несмяротнасці 43

Рэпартаж радыё «Свабода» з форуму Hi-Tech Nation, што адбыўся на «Мінск-Арэне» 20 красавіка.

Крывавыя лічбы 16/03 — такі быў першы слайд прэзэнтацыі Віктара Пракапені. 

«Неяк я паставіў задачу мэнэджару аднаго з нашых бізнэсаў «даць тэрмін рэлізу праекту, падпісацца крывёй». Той зразумеў задачу літаральна — напісаў дату крывёю на лісьце паперы», — патлумачыў Віктар Пракапеня. — Мэнэджар ня здаў праект у тэрмін, хоць вельмі хацеў. Таму што ягоныя спосабы і падыходы да рашэньня задачы, якія ён выкарыстоўваў, былі няправільныя».

«Думаць лінейна — дарога да гібелі»

Экспанэнцыйнае мысьленьне — вось што важна для разуменьня цяперашніх працэсаў і прагназаваньня таго, што будзе далей адбывацца са сьветам і эканомікай.

Сёньня маленькая мікрасхема коштам 5 даляраў мае магутнасьць, роўную магутнасьці супэркампутара, які запускаў чалавека на Месяц некалькі дзясяткаў гадоў таму. Па цане кубка кавы нам сёньня даступная супэртэхналёгія.

Ці можна было гэта прадказаць, думаючы лінейна ў тыя часы?

Калі тэхналёгія будзе такім чынам разьвівацца і надалей, то праз 15 гадоў наш мабільны тэлефон будзе мець такую ж магутнасьць, як адзін чалавечы мозг. Яшчэ трохі часу — і пры нашым з вамі жыцьці магутнасьць мабільнага тэлефона перавысіць інтэлект і здольнасьці ўсёй чалавечай расы разам.

Сьвет рухаецца ад абмежаванасьці да дастатку. Абмежаваная энэргія вуглевадародаў замяняецца сонечнай электраэнэргіяй. У 1977 годзе 1 кВт сонечнай электраэнэргіі каштаваў 76 даляраў, а ў 2016 годзе — 30 цэнтаў. Сёньня ёсьць праекты, дзе яе кошт 3 цэнты. У 2040 годзе гэта будзе нуль. Калі гэты трэнд працягнецца, пройдзе няшмат часу, і ўся электраэнэргія будзе трапляць нам ад сонечных панэляў.

Рэдкасьць ператвараецца ў дастатак, у лічбавы дастатак.

Яшчэ адзін прыклад — сэквэнаваньне ДНК. Такі тэст, калі плюеш у прабірку, і табе зь лябараторыі прысылаюць твой расшыфраваны геном. Я гэта зрабіў 7 гадоў таму і зьдзівіўся, што файлік [з расшыфроўкай] быў усяго 26 мэгабайт — як дзьве песьні. У 1999 годзе гэты тэст каштаваў 2,7 мільярда даляраў, сёньня ён каштуе 100 даляраў.

Я неяк размаўляў з уладальнікам аднаго вялікага мабільнага апэратара. Калі яны запускалі бізнэс 20 год таму, самы лепшы прагноз па колькасьці абанэнтаў, які яны бачылі, быў 100—200 тысяч. Бо напачатку яны бралі па 100—200 новых кліентаў за дзень. Ніхто з аналітыкаў ня мог і блізка ўявіць, што гэтая тэхналёгія будзе распаўсюджвацца экспанэнцыйна.

Калі падумаць, што такое 30 крокаў, то кожнаму зразумела, што гэта 30 мэтраў. Калі падумаць, што такое 30 экспанэнцыйных крокаў, то гэта 25 разоў вакол зямлі, бо кожны крок перавышае папярэдні ў два разы.

У сьвеце разнастайнасьці важная рэдкасьць

На Siri мы сёньня глядзім з усьмешкай. Яму ўсяго 7 гадоў, і ня ўсё зроблена добра. Пройдзе яшчэ трохі часу, і ў яго інтэлект будзе параўнальны з інтэлектам 14-гадовага дзіцяці. І гэта будзе прыкладаньне зусім іншага ўзроўню. Што гэта азначае?

Зьнікнуць кол-цэнтры, панэль кіраваньня аўтамабілем — замест яе будзе галасавое кіраваньне. Забываньне зьнікне, бо ў нас будзе прылада, якая будзе суправаджаць нас усё жыцьцё і дапамагаць нам згадаць інфармацыю тады, калі гэта актуальна.

У 2013 годзе было складана ўявіць, што праз 5 гадоў дроны будуць дастаўляць тавары для «Амазона».

У 2013 годзе google glass выглядалі сьмешна. Сёньня паліцыя Кітая ходзіць з аналягам google glass і распазнае злачынцаў у рэальным рэжыме.

Як толькі прарыўная тэхналёгія адлічбоўваецца, яна пачынае рухацца па экспанэнцыйнай крывой у бок разнастайнасьці.

Усяго 20 год таму пры слове «ліхтарык» мы думалі пра прадмет. Прайшло 20 гадоў, і ліхтарык — гэта мабільная прылада. Прадметы робяцца «софтам». І гэта вялікі трэнд. Кнігі былі прадметам, сёньня гэта электронная вэрсія.

Стварэньне, множаньне, захоўваньне тавараў зьнікне, каштуе нуль. У сьвеце разнастайнасьці важная толькі рэдкасьць.

Лічбавая эканоміка зробіць 40% кампаній нерэлевантнымі ўсяго праз 10 гадоў

Зарабляць грошы можна двума шляхамі: ствараючы рэдкасьць праз стварэньне брэнду сацыяльнага ўзаемадзеяньня, уражаньняў, кастамізацыі. Альбо праз стварэньне плятформаў.

За апошнія 20 гадоў багата кампаній пакінулі сусьветны топ-500. Большасьць тых, хто іх замянілі, — гэта плятформы: Amazon, Spotify, Tesla.

Плятформа — тое слова, за якім сёньня варта вельмі ўважліва сачыць. Гэта адзін з самых лепшых спосабаў зарабляць грошы ў сьвеце лічбавага дастатку.

Мы пераацэньваем тое, што будзе праз 2 гады. Але мы вельмі недаацэньваем тое, што будзе праз 10 гадоў. З прычыны лінейнасьці мысьленьня.

Памер сусьветнай эканомікі павялічыцца ў 3 разы за наступныя 40 гадоў.

Тое, чаго не ведаем

Сёньняшняя адукацыя дае нам няправільнае адчуваньне таго, што мы ведаем усё.

Мы прыходзім у школу, і нам распавядаюць, што было 5 тысяч гадоў таму. Хоць разуменьня тых працэсаў не было ані ў кога.

Мы прыходзім на фізыку, і ў нас ствараюць адчуваньне, што мы разумеем, як збудаваны гэты сьвет. Хоць аб’ектыўна мы ня ведаем, якога памеру наш сусьвет і што будзе, калі апусьціцца на ўзровень углыб матэрыі. Мы ня ведаем, адкуль усё гэта ўзялося, навошта і чаму.

Уявіце сабе сьвет, у якім адукацыя пачыналася б не з таго, што мы ведаем, а з таго, чаго мы ня ведаем.

Наколькі больш цікавых, клясных, крэатыўных ідэяў маглі б спарадзіць студэнты.

У бліжэйшы час вялізарная колькасьць прафэсій зьнікне. Прафэсіі будучыні: вытворца частак цела, нанадоктар, фэрмэр, які вырошчвае генна-мадыфікаваныя прадукты, хірург, які павялічвае памяць, віртуальны юрыст і гэтак далей.

Сьвет мяняецца з калясальнай хуткасьцю. Тое, што сёньня адбываецца, адбываецца ў 10 разоў хутчэй і ў 30 разоў маштабней, чым індустрыяльная рэвалюцыя 100 гадоў таму.

Сёньня трэба думаць пра тое, як павялічыць ваш бізнэс не на 10%, а ў 10 разоў.

Exegi monument…

Мы шмат чаго ня ведаем, але ёсьць адна рэч, якую мы ведаем дакладна. Мы ведаем, што мы ўсе памрэм.

І гэты страх настолькі глыбока ў кожным з нас, што вызначае вялікую колькасьць паводзінаў людзей, кліентаў, супрацоўнікаў.

Адзіны спосаб барацьбы з гэтым страхам — праца над Immortality Projects [неўміручыя праекты]. Гэта праекты, якія перажывуць нас.

Правільнае пытаньне, над якім трэба думаць у дачыненьні да вашага бізнэсу, — ці стварае ён штосьці, што вашыя кліенты лічаць неўміручым.

Усё, што нас акружае, — па сваёй сутнасьці гэта Immortality Projects людзей, якія жылі да нас. Для кагосьці Immortality Projects — гэта дзеці, рэлігія, бізнэс, хтосьці піша кнігі, хтосьці стварае архітэктурныя шэдэўры. На гэта можна глядзець як на спосаб супакоіцца.

Менавіта таму прадпрымальнікі ганарацца, калі кажуць, што іх бізнэс будзе працаваць пасьля іх сьмерці.

Мы бессэнсоўна гуляем у чужыя Immortality Projects. Добрыя прыклады — рэлігійныя войны, звады, тэрарызм.

Што такое дэпрэсія? Адчуваньне таго, што Immortality Project не атрымліваецца. Што такое шызафрэнія? Гэта крок яшчэ далей, калі чалавек прыдумляе сабе іншы сьвет, у якім ён большы герой, чым у рэальным жыцьці.

Часам нам важна пажыць як жывёлы. Ня думаць пра тое, што кожны дзень павінен быць супэрпрадуктыўны, што трэба шмат чаго пасьпець, і бэсьціць сябе за тое, чаго не зрабіў. Часам трэба проста расслабіцца і пажыць у адрыве ад гэтага.

Немагчыма патлумачыць чалавеку, які верыць у біткойн, што будучыня сьвету за іншай крыптавалютай ці сукупнасьцю крыптавалют. Спрэчка пра гэта — наезд на ягонае глыбокае адчуваньне бясьпекі. І яна ня мае сэнсу. Вера — гэта рухавік Immortality Projects. Людзі асабліва пасьпяхова працуюць, калі адчуваюць, што вы верыце ў іх значнасьць для дасягненьня вашага Immortality Project.

Страх сьмерці — гэта не заўжды пра сьмерць цела. Часта гэта пра страту сэнсу.

Вельмі важна разумець гэты глыбінны драйвэр унутры кожнага з нас, які вельмі добра быў апісаны Эрнэстам Бэкерам [амэрыканскі антраполяг, аўтар кнігі «Адмаўленьне сьмерці»]. І ён тлумачыць, навошта фараоны будавалі піраміды. Дзеля чаго Расеі патрэбная частка тэрыторыі Ўкраіны, чаму некаторым так падабаюцца біткойны і іншыя рэчы.

Immortality Projects — гэта заўжды пра мурашкі па скуры і натхненьне. Калі мы працуем над такім праектам, мы адчуваем, што нашае жыцьцё мае сэнс.

Якое практычнае значэньне гэта мае для кожнага з нас? Сёньня гэта важна таму, што нашым кампаніям трэба вучыцца і мяняцца так хутка, як ніколі раней. Каб гэта рабіць, трэба разумець, што для кожнага з вашых супрацоўнікаў Immortality Project. Ці верыць ён у ваш бізнэс як у свой Immortality Project? Людзі гатовыя жыць на працы, спаць, ня есьці суткамі, толькі калі яны вераць, што гэты бізнэс перажыве іх, а тое, што яны робяць, застанецца надоўга.

Цяпер пытаньне: Што будзе, калі дзякуючы тэхналёгіям мы зможам жыць вечна? Ці будзе ў жыцьці кожнага з нас столькі ж драйву, каб рабіць сапраўды клясныя і пасьпяховыя рэчы?

24
Шмарай / Адказаць
21.04.2018 / 12:00
Кто этого прикорытника может слушать? Дурачье?
25
Васіль Астрэйка / Адказаць
21.04.2018 / 12:06
А Алексіевіч кажа, што ў нас няма цікавых людзей. Было сапраўды цікава!
15
самый Серый / Адказаць
21.04.2018 / 12:36
Неяк зусім не ўкладваецца ў галаве, што чалавек з такімі думкамі можа мець нешта агульнае з гуцэрыевым і лукашэнкам.
Паказаць усе каментары/ 43 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру