У Беларусі няма ніякіх падставаў для росту коштаў. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас суботніка. Кіраўнік краіны адзначыў, што паслугі ЖКГ мусяць даражэць не больш чым на $5 на год.
«Мы перажывалі 5 долараў, нават у зімовы час. Няма неабходнасці павышаць. І кошт ЖКГ не будзе расці, бо там дзяржава сама рэгулюе кошты», — сказаў Лукашэнка.
Ён мяркуе, што няма падставаў і для росту цэнаў на харчаванне: пераважная большасць прадуктаў — беларускай вытворчасці, а імпартны складнік невялікі. Лукашэнка перакананы, што сярод пастаўшчыкоў імпартнай прадукцыі з'явілася канкурэнцыя і «яны не падымуць, бо вылецяць з рынка».
На яго думку, цэны могуць вырасці адно пры вонкавых форс-мажорных абставінах. Сярод прыкладаў ён назваў рэзкае падзенне на рынках асноўных краін-партнёраў або абвастрэнне сітуацыі на сусветных рынках у выніку ваенных дзеянняў, паведамляе БелТА.