Адказныя асобы УП «Тэта», заснавальнiкам якога з’яўляецца Мiнская гарадская арганiзацыя «Грамадскае аб’яднанне «Беларускае таварыства iнвалiдаў», на працягу 2004—2007 гадоў у змове з iншымi саўдзельнiкамi займалiся крадзяжом i легалiзацыяй грашовых сродкаў шэрагу прадпрыемстваў рэспублiкi. Да такiх высноў прыйшлi супрацоўнiкi Галоўнага следчага ўпраўлення папярэдняга расследавання МУС, якiмi завершана расследаванне па гэтай справе.

Паводле звестак упраўлення iнфармацыi i грамадскiх сувязяў МУС, устаноўлена, што «Тэта» ў многiх здзелках выконвала ролю «фiнансавай кампанii» для адмывання грашовых сродкаў «пад маркай» выканання розных работ i паслуг, якiя насамрэч прадпрыемствам не выконвалiся. Прайдзiсветы, скарыстаўшыся гэтай схемай, пералiчылi за межы рэспублiкi на рахункi падкантрольных суб’ектаў гаспадарання ў Лiтве, Латвii i Расii не менш за 12 мiльярдаў рублёў, дзе было «адмыта» каля пяцi з iх. У праваахоўнiкаў маюцца доказы таго, што на адрас «Тэты» неправамерна пералiчвалi грашовыя сродкi такiя арганiзацыi, як РУП «ВА Беларускалiй» i ААТ «Белгархiмпрам» — за выраб праектна-каштарыснай дакументацыi для руднiкоў, «Рэдакцыя «Настаўнiцкай газеты» — за выкананне выдавецкай падрыхтоўкi газет, «НДI статыстыкi i аналiзу» — за стварэнне навукова-тэхнiчнай прадукцыi.

Як удакладняюць у мiнiстэрстве, да крымiнальнай адказнасцi прыцягнуты восем чалавек. Праўда, трое з iх знiклi ад следства i аб’яўлены ў вышук. Яшчэ адна саўдзельнiца была затрымана ў Балгарыi i цяпер вырашаецца пытанне аб экстрадыцыi. А яшчэ пяцярым фiгурантам гэтай справы прыйдзецца трымаць адказ перад судом — дырэктару прадпрыемства, двум яго намеснiкам, галоўнаму рэдактару «Настаўнiцкай газеты» i яго сыну.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?