EPA

Сябра партыі «Грамадзянская дамова», што ўзначальвае пратэст у Арменіі, Рубен Рубінян звярнуўся да пратэстоўцаў на фоне масавых затрыманняў, да якіх пачалі звяртацца ўлады краіны. Пра гэта паведамляе news.am.

Рубінян заклікаў працягваць акцыі грамадзянскага непадпарадкавання да таго часу, пакуль Серж Саргсян (былы прэзідэнт Арменіі, прызначаны прэм'ерам) не адступіць.

Па словах Рубіняна, пратэстныя акцыі ў Ерэване будуць пачынаць штодня ў 08:15.

«Калі будуць правакаваць сутыкненне, не ідзіце на іх, мяняйце месца. Жыхары абласцей альбо далучаюцца да акцый у Ерэване, альбо праводзяць акцыі ля сябе. Не забываем пра татальныя страйкі», — сказаў ён.

Мітынг 22 красавіка

Адзін з лідараў пратэсту дэпутат Нікол Пашынян, раней затрыманы за арганізацыю мітынгаў, заклікаў пратэстоўцаў працягваць барацьбу і самастойна арганізоўвацца.

«Заўтра павінны здолець самаарганізавацца, ні ў якім разе не ісці на сутыкненні, абыходзіць магчымыя месцы сутычак з паліцыяй, ноччу не заставацца на вуліцы», — яго пасланне перад прысутнымі на плошчы Рэспублікі зачытала сябра партыі «Грамадзянскі дагавор» Лена Назар'ян.

У Арменіі з 13 красавіка працягваюцца акцыі пратэсту супраць прызначэння былога прэзідэнта Сержа Саргсяна прэм'ерам краіны. У нядзелю, 22 красавіка, на мітынг у цэнтры Ерэвана прыйшлі 160 тыс. чалавек, паведамляе са спасылкай на арганізатараў мясцовы партал lragir.

Пашынян быў затрыманы раніцай у нядзелю, неўзабаве пасля таго як сустрэўся з прэм'ерам Саргсянам у гасцініцы «Марыёт». Ім не ўдалося дамовіцца, Саргсян заявіў, што апазіцыя займаецца «шантажом дзяржавы і законных уладаў», і прапанаваў «вярнуцца ў законнае поле».

Vahram Baghdasaryan / Photolure

«З намі ніхто не адважваецца размаўляць на мове пагроз. Вы не ўяўляеце сабе сітуацыю ў краіне, улада ў Арменіі перайшла ў рукі народа», — адказаў яму лідар апазіцыі.

Пасля правалу перамоваў паміж Сержам Саргсянам і Ніколам Пашынянам армянская паліцыя ўжыла спецсродкі і пачала масавыя затрыманні пратэстоцаў у Ерэване. За дзень былі затрыманыя больш за 270 чалавек. У выніку сутыкненняў з паліцыяй пацярпелі сем чалавек.

На фоне палітычнага крызісу ў Арменіі вядомыя дзеячы заклікаюць улады і апазыцыю да дыялогу.

«Заклікаю ўсе бакі сабрацца за сталом перамоваў з мэтай пошуку рашэнняў і выключэння любога гвалту. Кожны з бакоў павінен пайсці на саступкі ў імя захавання адзінства нацыі, захоўваючы прыхільнасць гэтак важным для нас гуманістычным і дэмакратычным каштоўнасцям», — заявіў вядомы шансанье Шарль Азнавур.

Мітынг у ноч на 23 красавіка, Gevorg Ghazaryan / Xinhua / Sipa USA / Vida Press

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?