23.04.2018 / 11:28

13 кубачкаў кавы і забраныя мабільнікі: за дзядуху судзяць сяржанта з Печаў 17

На лаве падсудных у Барысаве — 22-гадовы сяржант Арцём Берднік. Яму пагражае да 10 гадоў зняволення за «перавышэнне паўнамоцтваў, у тым ліку з гвалтам» у вайсковай частцы, прасцей кажучы — за дзядуху.

У Барысаўскім раённым судзе 23 красавіка пачаўся першы з працэсаў, якія запусціла смерць радавога Аляксандра Коржыча. Да справы Коржыча гэтая гісторыя не мае дачынення, але ж відавочна, што ўсплыла пасля шматлікіх праверак, які пачаліся пасля гібелі радавога.

Арцём Берднік служыў у вайсковай часці 43064, якая месціцца ў Печах. Быў камандзірам аддзялення, меў званне сяржанта.

20 мая 2016 года Бердніка прызвалі ў войска. Праз год, у маі 2017 года, у частку прыйшлі «маладыя». Цяпер чацвёра з іх праходзяць па справе пацярпелымі. А Берднік ад снежня 2017 года знаходзіцца пад вартай.

Праўда, падаваць грамадзянскія пазовы (то бок, спаганяць грошы з Бердніка) пацярпелыя не захацелі.

Сам сяржант папрасіў далучыць да справы сваю характарыстыку. Суддзя Алена Курганава пагадзілася.

Пасля пракурор зачытаў абвінавачанне. Ён асабліва падкрэсліў, што Арцём Берднік быў начальнікам для радавых і, як службовая асоба, не меў права прымаць падарункі.

Па версіі следства, Берднік сістэматычна патрабаваў ад аднаго з радавых цыгарэты і каву. Атрымаў не менш за 8 пачкаў «Кэмэла» і 8 пачкаў цыгарэт «НЗ», акрамя таго атрымаў 5 упаковак кавы «Нэскафэ 3 ў 1» і 13 кубачкаў той жа кавы «Нэскафэ».

А 16 ліпеня 2017 года сяржант заўважыў радавога з мабільнікам. Пра тэлефон ён мусіў паведаміць начальству, але ж Берднік забраў тэлефон сабе. Праўда, пасля начальства заўважыла мабільнік у сяржанта, і яго забралі, сам Берднік правёў за знойдзены тэлефон 10 сутак на гаўптвахце.

У верасні ён заўважыў мабільнік у яшчэ аднаго радавога. Гісторыя паўтарылася: Берднік зноў забраў тэлефон. Праз месяц, у кастрычніку, салдату тэлефон усё ж аддаў.

У другой палове верасня паўтарылася тое ж самае. Берднік забраў яшчэ ў двух іншых радавых мабільнік (той быў у хлопцаў адзін на дваіх). Тыя неаднаразова прасілі вярнуць, Берднік ігнараваў. Але 14 кастрычніка ў медцэнтры адзін пацярпелы ўсё ж забраў мабільнік, калі сяржант не бачыў. Тады Берднік вярнуў сабе тэлефон сілай.

Сваю віну хлопец катэгарычна не прызнаў.

«Я ніколі нічога не прасіў, не патрабаваў. Радавы сам прыносіў цыгарэты, каву», — сказаў ён.

«Вы гэта ўспрымалі як што?» — спытаў пракурор.

«Проста».

Калі зашла гутарка пра мабільнікі, Берднік усклікнуў:

«Я разумею, што парушыў статут, але ж гэта не крымінальнае злачынства!»

Сам ён кажа, што салдаты аддавалі тэлефоны добраахвотна. Пры патрэбе ён даваў «маладым» пазваніць, але захоўваў мабільнікі пры сабе. Сам Берднік званіў дзяўчыне, маме з бабуляй. Таксама, кажа, у інтэрнэце трохі пасядзеў.

Пасля Берднік распавёў пра гісторыю з гвалтоўным вяртаннем сабе мабільніка.

У той дзень салдаты былі ў медчастцы. Тэлефон прапаў, калі стаяў на зарадцы.

«Я пайшоў да [радавога] Захарэвіча. Спытаў разы тры — браў тэлефон? Не, кажа той, не браў. Я пайшоў у палату, паляжаў. Думаю, яшчэ пайду спытаю, — расказвае Арцём Берднік. — Прыйшоў да яго, там рэчы стаяць. Я спытаў: чый пакет. Ён кажа, што яго. Я сказаў, што ў ім пагляджу. Захарэіч проста паглядзеў на мяне. Я вырашыў, што ён даў дазвол. Адкрыў пакет, там адразу мабільнік.

Тады я ўзяў Захарэвіча за грудзі і штурхнуў да сцяны. Сказаў яму, што «каб мы не былі б у арміі, я б табе рукі паадрываў». Сказаў, так, не адмаўляю. І ўсё. Не біў».

 

Улад Швядовіч

3
? / Адказаць
23.04.2018 / 11:45
"прасцей кажучы — за дзядуху."??? Рэд. Прыслухайцеся да мовы людзей. Слова "дзедаўшчына" прыйшло з расейскай мовы, форма "дзедаўшчына" па-беларуску неўласцівая. Па-беларуску і націск у такіх словах не там, і само слова не гучыць. "ДзЕдаўшчынай", з націскам на е, называлі спадчыну, зямлю, атрыманую ад дзеда. Параўнайце: бацькаўшчына, мацярыншчына, дзядзіна. Нічога дзіўнага, што слова гэтае змянілася ў маўленні, і моладзь, вайскоўцы ўжываюць карцейшую і ямчэйшую форму "дзядуха".
12
Centurion / Адказаць
23.04.2018 / 12:00
Вось як з такімі без вышэйшай меры? 
27
Пануры / Адказаць
23.04.2018 / 12:02
трапiу пад кола гiсторыi, не бачу за што тут садзiць, за мабiлку? Так ен за яе на ГУБЕ адтрубiу ужо.
Паказаць усе каментары/ 17 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру