20 гадоў таму, 19 кастрычніка 1988 году, у Менску на ўстаноўчым сходзе гісторыка-асьветнага таварыства памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій "Мартыралёг Беларусі" быў заснаваны аргкамітэт па стварэньні Беларускага народнага фронту за перабудову "Адраджэньне" (старшыня – Зянон Пазьняк).

На тым сходзе прысутнічала каля 400 чалавек: прадстаўнікі творчай і тэзнічнай інтэлігенцыі, рабочыя, моладзь з "Тутэйшых" і "Талакі".

У сьнежні таго ж году выйшаў першы нумар "Навінаў БНФ", газэты, што карысталася тады вялікай папулярнасьцю, а 19 лютага 1989 г. на стадыёне "Дынама" адбыўся першы ў Беларусі дазволены ўладамі шматтысячны мітынг, што арганізаваў БНФ.

Устаноўчы зьезд БНФ прайшоў 24-25 чэрвеня 1989 г. у Вільні. Ужо за часамі незалежнасьці БНФ быў зарэгістраваны як паліытчная партыя.

У 1999 г. партыя раскалолася на дзьве часткі: Партыя БНФ і Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ.

Сёньня мастак Алесь Марачкін арганізаваў экскурсію па памятных мясьцінах, зьвязаных з арганізацыяй. Пачалася яна з плошчы Якуба Коласа, а потым касьцёлу сьвятых Сымона і Алены, дзе 20 гадоў таму ў тагачасным Доме кіно і адбылося паседжаньне аргкамітэту.

Увечары нядзелі ў сядзібе Партыі БНФ у Менску пройдзе сьвяточны канцэрт для вэтэранаў арганізацыі.

ул. інф. ды інфармацыя БелаПАН