У справе аб закупках спецадзення фігуруе больш за 20 розных дзяржаўных прадпрыемстваў, на хабары кіраўніцтвам камерцыйнай фірмы было выдзелена 1,5 млн даляраў, а сума хабару вар'іравалася ад 50 да 15 тысяч даляраў. Падрабязнасці карупцыйнай схемы пры закупках спецадзення КДБ раскрыў выданню «СБ — Беларусь сегодня».

У пачатку красавіка ў гасцініцы «Нёман» з доказамі злачынства затрымалі начальніка аддзела аховы працы «Белэнерга», які спрабаваў выманіць 12 тысяч даляраў у дырэктара адной з камерцыйных структур (пакуль ідзе следства, яе назва не выдаецца). Як высветлілася, гэта быў хабар за стварэнне для фірмы умоў, якія гарантуюць яе перамогу ў конкурсах на закупку сродкаў абароны па замове дзяржпрадпрыемства.

Высветлілася, што гэта быў не адзіны выпадак — у выніку было распачата 22 крымінальныя справы ў дачыненні да 19 службовых асобаў розных дзяржпрадпрыемстваў.

«Кіраўнікі дзяржпрадпрыемстваў рознага ўзроўню за грошы садзейнічалі закупцы прадпрыемствамі буйных партый айчыннага і замежнага спецадзення, а таксама сродкаў індывідуальнай абароны. Расплочваліся за гэтую прадукцыю бюджэт і самі прадпрыемствы, абвяшчаючы конкурс на пастаўку спяцовак, касак і рэспіратараў. Пераможцам у іх нязменна аказваліся адны і тыя ж камерцыйныя структуры», — піша выданне.

Кошт «перамогі» ў конкурсе вар'іраваўся ад 50 да 15 тысяч даляраў. Адзначаецца, што часцяком хабары вымагаліся — начальнікамі аддзелаў і ўпраўленняў, эканамістамі і бухгалтарамі, іншымі службовымі асобамі дзяржаўных прадпрыемстваў.

Сярод прадпрыемстваў, што закуплялі спецвопратку па конкурсе, — Мазырскі НПЗ, «Гродна Азот», «СветлагорскХімвалакно», «Краснасельскбудматэрыялы», «Мінскводаканал», у філіялах «Беларуснафты», Беларускай чыгункі і гэтак далей. Усяго ў крымінальных справах фігуруюць больш за 20 розных дзяржаўных прадпрыемстваў.

Хабары прадстаўнікам дзяржпрадпрыемстваў перадаваліся як мінімум з 2013 года. Усяго, як устаноўлена на дадзены момант КДБ, з тых часоў на хабары кіраўніцтвам фірмы было выдзелена звыш 1,5 мільёна даляраў.

Мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай да кіраўнікоў камерцыйнай структуры не ўжывалася.

Як піша «СБ — Беларусь сегодня» са спасылкай на КДБ, гэта рашэнне прынята па дзвюх прычынах. Па-першае, яны цалкам раскаяліся і актыўна супрацоўнічаюць са следствам. Па-другое, гэта зроблена для таго, каб не парушалася кіравальнасць узначаленых імі прадпрыемстваў. Па той жа прычыне, для забеспячэння бесперабойнай работы працоўных калектываў, не арыштоўваліся рахункі камерцыйных прадпрыемстваў. Наадварот, на маёмасць і іншыя актывы затрыманых службовых асоб накладзены арышт.

Нагадаем, напярэдадні Лукашэнка ў сваім пасланні да народа і парламента распавёў, што ў гэтым годзе КДБ раскрыў маштабную карупцыйную сетку ў сферы паставак спецадзення для дзяржпрадпрыемстваў.

«Слухайце, што там робіцца! Мне сорамна чытаць. З прыватнікаў фактычна вымагалі буйныя хабары пад пагрозай стварэння штучных перашкод пры ўдзеле ў конкурсах на закупку прадукцыі. З доказамі злачынства пры атрыманні хабараў былі затрыманыя службовыя асобы буйных прадпрыемстваў. […] У цяперашні час праводзіцца расследаванне. Прынцыповую ацэнку ўсіх гэтых фактах у самым жорсткім рэжыме дамо ў судзе», — сказаў кіраўніка дзяржавы.

У КДБ падрабязнасці карупцыйнай схемы пры закупках спецадзення не паведамілі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?