20 кастрычніка спаўняецца чатыры гады з дня забойства Веранікі Чаркасавай - беларускай журналісткі, якая апошнія гады свайго жыцця працавала ў недзяржаўнай газеце «Салідарнасць».


У пачатку кастрычніка кіраўнік следчага аддзелу пракуратуры г. Мінска Сяргей Іваноў у гутарцы з прэс-службай ГА «БАЖ» зазначыў, што следства не можа паведаміць нічога новага па справе, а расследаванне па-ранейшаму прыпынена. Па інфармацыі БАЖ, апошняе прыпыненне расследавання з фармулёўкай «у сувязі з невысвятленнем асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачанага» адбылося ў лютым 2007 г.

Тым не менш, сям’ю Веранікі дагэтуль турбуюць следчыя. 8 кастрычніка маці Веранікі Дыяну Чаркасаву і айчыма Уладзіміра Мялешку выклікалі на допыт у Першамайскі РУУС г. Мінска.

У той жа дзень у іх кватэры з санкцыі пракурора Першамайскага раёна быў праведзены ператрус. У кватэры шукалі, як заявілі супрацоўнікі РУУС, «зброю, наркотыкі, скрадзеныя рэчы». У выніку ператрусу нічога не забралі. На допыце ў Дыяны Чаркасавай і Уладзіміра Мялешкі распытвалі, дзе зараз знаходзіцца сын журналісткі Антон Філімонаў.

«Антон зараз жыве за мяжой. Ён вымушаны быў выехаць, бо было відавочна, што следства ўсё роўна вяртаецца да яго ўвесь час як да галоўнага «кандыдата на падазраванага». Чатыры гады яны не шукалі сапраўдных злачынцаў, а рыхтавалі глебу для таго, каб звязаць забойства Веранікі з Антонам», — лічыць Дыяна Чаркасава, маці Веранікі.

«Мы чатыры гады таму страцілі дачку, а цяпер фактычна згубілі ўнука, з якім не можам нават падтрымліваць нармальную сувязь.
І ў такой сітуацыі «візіты» з ператрусамі і выклікі на допыты выглядаюць здзекам са старых людзей. Мы не можам паведаміць следству нічога новага», — дадае Д. Чаркасава.

20 кастрычніка журналісты ўскладуць кветкі на могілках у Калодзішчах, дзе пахаваная Вераніка. Ад’езд ад гарадской ратушы на асабістым транспарце ў 13.30.

***

Журналістка недзяржаўнай газеты «Салідарнасць» Вераніка Чаркасава была жорстка забітая 20 кастрычніка 2004 г. у сваёй кватэры ў Мінску. Яе цела са шматлікімі нажавымі раненнямі знайшлі 15-гадовы сын журналісткі Антон Філімонаў і яе айчым Уладзімір Мялешка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?