Яшчэ адзін судовы працэс над стараслужачымі ідзе ў судзе Гродзенскага раёна.

На лаве падсудных двое хлопцаў: сяржант Уладзіслаў Ялец і яфрэйтар Максім Малышка з 6-й асобнай механізаванай брыгады, якая месціцца ў Гродне. Хлопцам пагражае ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Максім Малышка (злева). Фота з сацыяльных сетак

Максім Малышка (злева). Фота з сацыяльных сетак

Фармулёўка стандартная — 20-гадовага сяржанта Яльца вінавацяць у перавышэнні службовых паўнамоцтваў з ужываннем гвалту, 24-гадовы Малышка праходзіць як пасобнік. Следства мяркуе, што яшчэ ўлетку 2017 года на палявым выхадзе яны ўдвух збілі пяцярых салдат — нібыта пакаралі за тое, што ў вайсковым намёце ноччу згасла буржуйка.

Гэтая справа, як і справа сяржанта, якога судзяць у Барысаве, закруцілася ў лістападзе 2017 года. Гэта чарговы вынік шматлікіх праверак, якія прайшлі ў войску пасля смерці радавога Аляксандра Коржыча ў Пячах.

Ялец і Малышка знаходзяцца на волі, працягваюць службу. Іх толькі перавялі ў іншую частку. Абодва хлопцы служаць з восені 2016 года. Да дэмбеля ім застаецца менш за месяц. Праўда, пакуль невядома, куды паедуць сяржант і яфрэйтар: дахаты ці ў калонію.

«Наша Ніва» звязалася з адным абвінавачаным, Максімам Малышкам, і даведалася яго пункт гледжання на сітуацыю.

«Я адмаўляюся даваць паказанні на судзе. Віну таксама не прызнаю. Яна не даказаная, і невядома, ці дакажуць яе. Таму што паказанні ў пацярпелых бралі чатыры разы — і ўсе чатыры разы паказанні былі розныя», — сцвярджае Максім.

Па яго словах, Ялец таксама адмовіўся прызнаць віну і даваць паказанні.

«Пацярпелыя сцвярджаюць, што калісьці летась, у адзін з дзён жніўня на палявым выхадзе яны тапілі печ. Пасля іх нібыта паднялі, пастроілі і пабілі. Але ж сінякоў у іх не было, скаргаў не было, камандзір праводзіў агляд і ўсё было нармальна. Яны да каго не звярталіся, нікому не скардзіліся. Я не ведаю, чаму яны раптам штосьці такое пачалі казаць у лістападзе. Але, магчыма, гэта не іх словы, — разважае Максім. — Там жа пацярпелымі праходзяць не толькі салдаты з малодшага перыяду, але і майго прызыва, з якімі я служыў год».

«Пасля таго, як на мяне завялі справу, я атрымаў пастанову, чаму завялі. Там указваецца дакладная колькасць удараў, як я каго нібыта біў, як ставіў… Гэта проста трызненне! — абураецца ён. — Але ж я пасля падыйшоў да аднаго з пацярпелых, і спытаў, маўляў, колькі разоў цябе ўдарылі? Ён стаіць і плячыма паціскае, не ведае».

Малышка тлумачыць гэта наступным чынам:

«Гэта салдаты. Гэта робаты. Ім сказалі, як і што зрабіць, яны так і зробяць, каб не мець праблем.

Гэта вельмі мутная гісторыя! На судзе мой адвакат пытаўся ў кожнага пацярпелага: «Гэта вы звярнуліся кудысьці наконт збіцця?» Усе адмаўляюць, ніхто з пяцярых нікуды не звяртаўся. Тады адкуль сама сітуацыя? Плюс у судзе адзін з пацярпелых сам распавёў, што следчы запісваў яго словы так, як лічыў патрэбным. Суддзя пытаўся ў салдата, чаму не супадаюць паказанні — то іх білі, то пасля ён казаў, што не білі - а пацярпелы не мог адказаць. Кажа, што не можа патлумачыць.

А я магу патлумачыць. Таму што яны самі не ведаюць свае паказанні. Іх завялі ў кабінет, сказалі падпісаць і ўсё. Не ведаю, хто і навошта.

І цяпер атрымліваецца так, што ёсць пяцёра пацярпелых, яны ж і сведкі. Больш сведкаў няма. Сінякоў няма. Скаргаў няма».

Таксама, кажа Максім, яго вінавацяць у тым, што ён быў п’яны ў тую ноч.

«І тыя пацярпелыя спачатку падпісалі, маўляў, так, ён быў нападпітку. А цяпер на судзе кажуць: ну адкуль мы ведаем, быў ён п’яны ці не.

У іх ва ўсіх розныя паказанні і версіі. Адзін кажа, што збівалі 40 хвілін, другі — што пяць ці сем. Адзін кажа, што прачынаўся і падыходзіў камандзір, другі кажа, што камандзір спаў, трэці — што камандзір прачнуўся, але крыкам паклікаў іх да сябе ў намёт…», — сцвярджае Малышка.

Акрамя таго, кажа Малышка, што падчас следства яго вінавацілі ў пасобніцтве Яльцу, але пасля выставілі абвінавачванне ў нестатутных узаемаадносінах (па гэтым артыкуле меншае пакаранне). Але, сцвярджае Малышка, калі справу перадалі ў пракуратуру, то адтуль справу вярнулі следчым. І абвінавачванне ў пасобніцтве вярнулі.

«Наша Ніва» звязалася з пракурорам Артурам Валентукевічам, які выступае на працэсе дзяржаўным абвінаваўцам, каб спраўдзіць гэты момант, але ён адмовіўся ад каментароў.

Пацярпелыя служаць у войску, таму атрымаць іх каментары пакуль не ўдалося.

Пасяджэнне па справе працягнецца 26 красавіка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?