Намесьнік старшыні Партыі БНФ, непасрэдны ўдзельнік падзеяў 1988 году і сябра Аргкамітэту БНФ, узгадвае, як да стварэньня Фронту рыхтаваліся лідэры Канфэдэрацыі беларускіх суполак.

««Група Незалежнасьць», створаная ў пачатку 80-х намі зь Сяргеем Дубаўцом і Сяргеем Сокалавым-Воюшам, да якой далучыліся Алесь Бяляцкі, Віктар Івашкевіч, Ігар Гермянчук, Алесь Суша, Генадзь Сагановіч, Сяржук Вітушка, Генік Лойка, Алесь Костка ды іншыя, сур’ёзна ставілася да шанцаў, якія даваў 88-ы год. На той момант у рамках Канфэдэрацыі беларускіх суполак па ўсёй краіне дзейнічала цэлая сетка арганізацыяў — ад сьпеўных да турыстычных, а нефармальным іх лідэрам была «Талака». Фактычна база для заснаваньня агульнага шырокага руху была гатовая. І мы працавалі над гэтым усё лета 88-га.

На той момант мы разьлічвалі пераважна на ўласныя сілы, але кантакт са старэйшым пакаленьнем падтрымлівалі — з мастакамі з «Паддашку», зь Зянонам Пазьняком. Зь ім, аднак, да палітычнага пагадненьня ў нас справа не даходзіла. Цягам 80-х гадоў мы мелі сталую сувязь зь літоўцамі, латышамі, украінцамі. Атрымлівалі ад іх шмат інфармацыі, публікацыяў, пэрыёдыкаў, таму пачуваліся ў кантэксьце падзеяў тых часоў. Ідэя Народнага фронту ў тое лета літаральна пульсавала.

Мы разумелі, наколькі важна, каб ідэя не была перахопленая ЦК камуністычнай партыі. Аднак мы іх пераацанілі, бо яны не наважылася на стварэньне фіктыўнага Народнага фронту зь ляяльнай інтэлігенцыі. З другога боку, былі невялікія групоўкі «демократов вообще», чужых нацыянальнаму руху, якія спадзяваліся на зьмены ў Маскве - «Современник» і пад., на чыіх сустрэчах пачала гучаць ідэя стварэньня Народнага фронту. На адным са сходаў мы пераканалі ўдзельнікаў, што без удзелу нацыянальнай інтэлігенцыі — народных пісьменьнікаў Быкава, Барадуліна, Брыля — нельга ствараць такі рух.

Такім чынам, маладзейшыя і старэйшыя рыхтаваліся да аднаго і таго ж незалежна адны ад адных.
На вайсковых зборах мы з Сушам рыхтавалі свае праекты дакумэнтаў. Яшчэ раней абмеркавалі з калегамі ідэю стварэньня Народнага Фронту ўвосень з папярэдняй кансультацыяй са старэйшымі, бо ня мысьлілі працы бязь іх удзелу. Пэўныя пярэчаньні, і ў мяне ў тым ліку, выклікала назва «фронт», я выступаў за «рух» ці «грамаду», але, забягаючы наперад, скажу, што Зянон Пазьняк нас пераканаў у яе слушнасьці — зважаючы на прыклад балтыйскіх краінаў і антытаталітарныя рухі ў Эўропе ў сярэдзіне ХХ ст. Іншыя словы ж мелі быць зарэзэрваваныя за партыяй.
Калі мы з Сушам зьявіліся 19 кастрычніка ў Чырвоным касьцёле ў лейтэнанцкай форме, па залі пайшоў шэпт: «Армія з намі».
Паколькі мы былі на зборах, каардынацыя зь іншымі групамі была парушаная. Менавіта таму я яшчэ ў часе дыскусіі пра «Мартыралёг», ня ведаючы пра намеры Пазьняка, апярэдзіў яго, заявіўшы, што недастаткова толькі ўшанаваць ахвяраў камуністычнага тэрору. Каб ахвяраў больш не было, Беларусь павінна атрымаць сувэрэнітэт, а народ - свабоду, а дзеля гэтага нам неабходна пайсьці сьледам нашых балтыйскіх братоў і стварыць уласны Народны Фронт.

А потым наступіла руцінная і надзвычай натхняльная праца. Канфэдэрацыя беларускіх суполак стала апорнай сеткай БНФ, а ўжо другой хваляй стала стварэньне групаў падтрымкі Фронту. Да гэтага падштурхнулі падзеі 30 кастрычніка 1988 году.

Практычным вынікам кастрычніка 88-га я бачу незалежную Беларусь. Мы мелі адрозную ад нашых эўрапейскіх суседзяў па СССР кіроўную намэнклятуру — нацыянальна індыфэрэнтную, а то й варожую. І ў гэтым сэнсе варыянту кшталту Бразаўскаса не даводзілася чакаць. Існавала рызыка. Таму развагі, нібыта незалежнасьць нам зь неба ўпала, — гэта няпраўда.
Дзейнасьць нешматлікай, але вельмі актыўнай фракцыі БНФ у Вярхоўным Савеце пры падтрымцы вуліцы, статысячныя страйкі працоўных, якія ў першы дзень не хацелі браць у рукі бел-чырвона-белыя сьцягі, але назаўтра з радасьцю ўхвалялі (дарэчы, надрукаваную мною) рэзалюцыю аб сувэрэнітэце Беларусі й скасаваньні парткамаў на заводах — хто ведае, ці былі б без усяго гэтага Віскулі? Бо для крамлёўскіх аналітыкаў тое, што нават самая савецкая, здавалася б, Беларусь узьнялася, азначала крах ілюзіяў».

Сяргей Сокалаў-Воюш, Вінцук Вячорка і Зянон Пазьняк на адным зь мітынгаў

Сяргей Сокалаў-Воюш, Вінцук Вячорка і Зянон Пазьняк на адным зь мітынгаў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?