54-гадовы дэпутат з Карэлічаў Андрэй Навумовіч узначальвае камісію па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ у Палаце прадстаўнікоў.

Андрэй Навумовіч, фота souzveche.ru

Андрэй Навумовіч, фота souzveche.ru

Нядаўна ён вярнуўся з французскага Страсбурга, дзе, у складзе дэлегацыі парламентарыяў, удзельнічаў у паседжанні Камітэта па палітычных пытаннях і дэмакратыі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы.

Навумовіч шмат чаго нагаварыў: напрыклад, анансаваў магчымасць скасавання крымінальнай адказнасці за «дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі», прадэклараваў адкрытасць да супрацоўніцтва ды іншае.

Таксама ён сказаў, што не разумее асобных папрокаў у кантэксце паправак у Закон аб СМІ. 

«Партызан, Хартыя, Еўрарадыё, — што хочаш, тое і чытай, усё адкрыта!» — казаў ён у Францыі. 

Карэспандэнт «Нашай Нівы» пазваніў дэпутату, каб удакладніць, навошта ён уводзіў у зман еўрапейскіх парламентарыяў — «Хартыя'97» ж заблакаваная ў Беларусі. 

Прыводзім даслоўную сценаграму размовы.

Вы казалі, што можна зайсці на сайт Хартыі, і прапаноўвалі гэта зрабіць. Не маглі б вы патлумачыць, што мелі на ўвазе? З тэрыторыі Францыі на сайт зойдзеш, канечне.

— А што тут дадаваць да сказанага? 

Вядома, што на тэрыторыі Беларусі «Хартыя» заблакаваная. 

— Дык а яна толькі на тэрыторыі Хартыі заблакавана? 

На тэрыторыі Беларусі. 

— Дык а мне казалі, што на тэрыторыі Беларусі яна не заблакавана… Яна заблакаваная ці не?

Вы ж старшыня камісіі па СМІ, я думаў, вы лепш праясніце гэтае пытанне. 

— Не, дык вы ж мне во сказалі… мне сказалі, што не, таму і я сказаў, таму. Я атрымаў такую інфармацыю. 

— Вы не правяралі? 

— Мне сказалі, што не заблакавана. Давайце зараз паспрабуем зайсці, пачакайце. Зара' паглядзім, зара' паглядзім… Так… [відаць, адкрывае пошук у інтэрнэце] Хартыя'97, навіны Беларусі. Не ўдаецца атрымаць доступ да Беларусі… Пачакайце… Не, вось ёсць, усё як паложана.

У вас адкрываецца? 

— Канечне! Па гэтых меркаваннях я і сказаў, усё, калі ласка! Можа, толькі, ведаеце, там памылка адбылася, я не ведаю. У Страсбургу неяк было адкрыта, нехта там вашы ці не вашы, казалі, што не адкрываецца, але ў мяне адкрыта — няма пытанняў.

Давайце ўдакладнім адрас, у вас там сапраўды адрас charter97.org?

— Ну так, відаць, так. Таму няма пытанняў. 

А што ў вас за правайдар? 

— Ну Палата прадстаўнікоў, я праз Палату прадстаўнікоў працую. Вось, Хартыя97 УКантакце! 

Дык вы УКантакце глядзіце? 

— Так, Хартыя'97 УКантакце. 

А сам сайт вы можаце адкрыць? Charter97.org. 

— Навіны Беларусі, так? Хартыя97 — навіны Беларусі? 

Так, самая першая спасылка ў гугле. 

— Ну тут напісана перазагрузіць… А гэта мае нейкае значэнне, калі вось УКантакце працуе? Няма пытанняў. 

Зразумела. 

— Стойце, з якой мэтай вы задалі пытанне? Я павінен ведаць. 

Вядома, што сайт Хартыі заблакаваны, нам цікава, чаму вы…

— (перабівае) Ну я ж карыстаюся! 

А вы адчуваеце розніцу паміж сайтам і суполкай УКантакце? 

— Ну розніца ёсць, канечне. 

Таму я вам і кажу пра сайт… 

— Так, Хартыя, навіны Беларусі, так? Праз вось гэта… Інфармацыя не адкрываецца. Перазагрузіць тут можна, падрабязней… Вашы прапановы?

У мяне прапаноў няма, я хацеў высветліць, ці гэта вы наўмысна скрывадушылі. А тут выходзіць, што вы не ведалі.

— Як крывадушыў? Я адкрываў Хартыю праз кантакты. 

Больш няма пытанняў, да пабачэння. 

— Да пабачэння. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?