Інстытут гісторыі НАН Беларусі, Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі і магазін «Акадэмічная кніга» запрашаюць на прэзентацыю навуковай манаграфіі «Грамадска-палітычнае жыццё ў Беларусі 1772—1917 гг.».

Кніга, якая , якая выйшла ў выдавецтве «Беларуская навука», з’яўляецца вынікам працы цэлага аўтарскага калектыва. У яго склад увайшлі даследчыкі Інстытута гісторыі, Педагагічнага ўніверсітэта, Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце.

Гэта выданне адметна тым, што гістарычныя працэсы паказаны як на макра-, так і на мікраўзроўнях. Дзякуючы шырокаму колу крыніц, новым ракурсам і падыходам, гэта кніга падае не толькі аб’ёмную гістарычную панараму, але ўводзіць чытача ў супярэчлівы, напружаны, таямнічы свет ХІХ стагоддзя.

Да мерапрыемства прымеркавана выстава кніг з фондаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі. На ёй прадстаўлена ранняя гістарыяграфія XIX і пачатку ХХ стагоддзяў, у прыватнасці, работы, прысвечаныя вайне 1812 года, паўстанням 1830—1831 і 1863—1864 гадоў.

Экспануюцца кнігі ўспамінаў дзяржаўных дзеячаў і чыноўнікаў, якія вызначалі грамадска-палітычнае жыццё на беларускіх землях, арыгіналы эпісталярных і мемуарных крыніц — лісты, дзённікі, успаміны грамадскіх дзеячаў, удзельнікаў паўстанняў. Выстаўлены прыклады перыядычнага друку ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў, першыя выданні заканадаўчых актаў, а таксама літаратурныя творы ХІХ стагоддзя, якія паслужылі гістарычнымі крыніцамі для аўтараў манаграфіі.

На выставе будуць прадстаўлены не толькі арыгіналы крыніц ды ўзоры ранняй гістарыяграфіі грамадска-палітычнага руку канца XVIII — пачатку ХХ стагоддзяў, але і асноўныя дасягненні сучаснай гістарыяграфіі ў гэтай сферы.

Прэзентацыя выдання пройдзе ў інфармацыйна-выставачным цэнтры ЦНБ НАН Беларусі (вул. Сурганава, 15). Выступяць дырэктар ЦНБ Аляксандр Груша, дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вячаслаў Даніловіч, акадэмік Міхаіл Касцюк, дэкан гістарычнага факультэта БДУ Аляксандр Каханоўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0