У суботу, 28 красавіка, у шпіталі «Алдэр Хэй» у Ліверпулі памёр маленькі Альфі Эванс. 9 мая дзіцяці павінна было споўніцца два гады. Са снежня 2016 года ён знаходзіўся ў коме з-за рэдкага нейра-дэгенератыўнага захворвання. Дакладны дыягназ брытанскія медыкі так і не змаглі яму паставіць.

Гісторыя Альфі ўскалыхнула ўсю Еўропу. Бальніца «Алдэр Хэй» падала ў суд на бацькоў хлопчыка, якія хацелі забраць сына. Яны мелі намер спачатку лячыць дзіця ў ЗША. Затым заручыліся згодай рымскай дзіцячай клінікі «Бамбіна Джэзу», якая была гатовая прыняць Альфі ў любы момант. Папа Рымскі Францыск прыняў бацьку. Пантыфік звярнуўся да брытанскіх уладаў з просьбай дазволіць бацькам хворага хлопчыка забраць яго. Спецыяльны самалёт кругласутачна дзяжурыў у рымскім аэрапорце, каб у любую секунду вылецець за Альфі.

Улады Італіі на працягу сутак далі маленькаму хлопчыку італьянскае грамадзянства ў надзеі, што гэта вызваліць яго з-пад дзеяння брытанскага закона ад 1989 года, які дазволіў бальніцы ў Ліверпулі абмежаваць правы бацькоў Альфі цалкам распараджацца яго лёсам.

У самой Брытаніі была створана вялізная група актывістаў, якая назвала сябе «Арміяй Альфі». Гэтыя людзі ладзілі перад «Алдэр Хэй» акцыі пратэсту. Некаторыя з іх пагражалі лекарам і нават распачалі спробу прарвацца ў бальніцу, каб забраць Альфі.

Аднак усё гэта не дапамагло ні хлопчыку, ні яго бацькам. Усе судовыя інстанцыі, у тым ліку Еўрапейскі суд па правах чалавека, адмовілі ім у просьбе забраць сына з лякарні пасля таго, як хлопчыка 23 красавіка адключылі ад сістэмы жыццезабеспячэння. Медыкі казалі, што Альфі памрэ на працягу 30 хвілін. Але ў выніку дзіця пражыло 5 сутак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0