Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў аб змене фармату антытэрарыстычнай аперацыі на Данбасе.

«Паводле загаду, з 14:00 30 красавіка 2018 года пачаць аперацыю Аб'яднаных сіл па забеспячэнні нацыянальнай бяспекі і абароны, адпору і стрымлівання ўзброенай агрэсіі Расійскай Федэрацыі ў Данецкай і Луганскай абласцях, у адпаведнасці з планам аперацыі Аб'яднаных сіл», — сказаў Парашэнка падчас нарады з вайсковым кіраўніцтвам.

30 красавіка фармат АТА змяніўся на аперацыю Аб'яднаных сіл. Такім чынам, завяршыўся рэжым антытэрарыстычнай аперацыі, які пачаўся ў красавіку 2014 года.

Камандаванне пераходзіць ад Антытэрарыстычнага цэнтра СБУ да Аб'яднанага аператыўнага штаба Узброеных сіл — гэта значыць ад спецслужбаў да вайскоўцаў.

Камандуючы Аб'яднанымі сіламі падпарадкоўваецца галоўнакамандуючаму і начальніку генеральнага штаба. Кіраваць аперацыяй будзе генеральны штаб Узброеных сіл Украіны. Камандуючым аперацыі прызначаны генерал Сяргей Наеў, які 7 сакавіка стаў намеснікам начальніка Генштаба.

У той жа час Парашэнка адзначыў, што завяршэнне рэжыму шырокамаштабнай антытэрарыстычнай аперацыі «не пазбаўляе нас магчымасці абвясціць АТА ў любы час, калі ўзнікае тэрарыстычная пагроза на вызваленых тэрыторыях», перадае «Украінская праўда».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0