21.10.2008 / 09:58

Набыць зямлю ў беларускім Ерусаліме 24

Некалькі дзён на сваёй маленькай машынцы праблукала паміж хутаркоў і вёсачак Валожыншчыны Натальля Бабіна. І трапіла ўрэшце на аўкцыён. Сельскі савет прадаваў тры дзялкі зямлі.

Я заўсёды з пэўнай іроніяй ставілася да журналістаў, якія пішуць паводле прынцыпу: «што бачу, тое пішу». Зрабіў у кватэры рамонт – напісаў матэрыял пра тое, колькі каштуюць цяпер на рынку будматэрыялы і як трэба ставіць на месца муляраў. Зьезьдзіў у Эгіпет – напісаў, які там смурод на кракадылавай фэрме... Але вось пра гэтыя некалькі дзён хочацца расказаць.

Не ў Эгіпце.

Але ў пэўным сэнсе ў Эдэме.

У Ерусаліме – так мне падалося, калі некалькі дзён на сваёй маленькай машынцы праблукала паміж хутаркоў і вёсачак Валожыншчыны.

На ўзгорках і сярод фантастычных у гэтую пару залатых з барваю лясоў.

Адзінота пустых мокрых дарог, яблыкі ўздоўж — яўна скаціўшыся з перапоўненай падводы. Вятрыска на вяршынях гораў. Коні ў далінах. Але ня гэта робіць тутэйшыя мясьціны Ерусалімам.

Сюды можна прывозіць Анатоля Васермана – няхай наслухаецца таго «дыялекту», існаваньне якога пнецца абвергнуць.

Упершыню за доўгі час сядзеньня ў пасавечанай сталіцы абсалютна нязмушана пачувалася са сваёй беларускай. Дзіўнае пачуцьцё. Адпружаньне. Гаворыш – і ніхто не глядзіць на цябе са зьдзіўленьнем, няхай прыязным, але зьдзіўленьнем. Лекуешся ад раздвойваньня.

Бо зямля тут гаворыць па-беларуску. І людзі – асабліва алькаголікі – рэтрансьлятары гэтай мовы зямлі ды выразьнікі нейкай сутнасьці, пра якую мы абсалютна нічога не ведаем, але мусім даведацца.

Дык еду далей.

Вясёлая кабетка ў вёсцы Макасічы разьвешвае памытыя перадзімку вышываныя ручнікі; сакратарка Залескага сельсавету; школьнікі на роварах; паштарка ў Гіравічах; спадар у Душкаве, што вярнуўся зь Менску ў сваю вёску жыць; дзевяностагадовая Ніна Андрэеўна з Бакачоў, што тлумачыць дарогу да свайго хутару з дакладнасьцю, якой ад маладых не дачакаеш; супрацоўнік Валожынскага райвыканкаму... Усе гавораць па-беларуску на мове такой чысьціні, якой даўно здрадзілі дыктары радыё.
Нязмушаная, чыстая гаворка.

І дагледжана ўсё – ці амаль усё.

Але народу нямнога, нямнога засталося. Зьвесткі з насьценнай дошкі ў адным з сельскіх саветаў: усяго пражывае 919 чалавек, за мінулы год шлюбаў – 5, нарадзілася чалавек – 7, памерла – 39... У палове вёсак засталося жыць ад 1 да 5 чалавек....

Тут сёньня аўкцыён. Сельскі савет прадае тры дзялкі зямлі. Такое зараз практыкуецца часта, і адпаведныя аб’явы зьмяшчаюць у газэтах ды на сайтах райвыканкамаў.
Удзельнічае дзесяць чалавек. Спрабую шчасьця і я. Прыглядаюся і прыслухоўваюся: большасьць – дзяўчаткі ў куртках і з хвосьцікамі, якіх направілі сталічныя агенцтвы нерухомасьці, пажылы мужчына з Ракава, пару менчукоў, так бы мовіць, прыватнікаў, нейкі гаваркі Ігнат, нейкі маўклівы маладзён пад гальштукам... Ігнат усімі сваімі паводзінамі дэманструе крутасьць: галосна пахваляецца, што скупіў у гэтым сельсавеце ўжо 159 сотак, зьвяртаецца да ўсіх на ты, трубіць пра тое, як ў яго ўсё ўсюды схоплена... Нам раздаюць тэнісныя ракеткі, на кожнай зь якіх нумар удзельніка. Пачынаецца аўкцыён.
Пачатковая цана — 4 мільёны 500 за 25 сотак дзялкі каля лесу — хутка павялічваецца ў 2—3—4 разы.
Я – як і іншыя ўдзельнікі-прыватнікі — апускаю сваю ракетку: куды мне! Канкурэнцыя разгараецца паміж дзяўчаткамі-агенткамі і Ігнатам. У першых двух лотах перамагае Ігнат. На апошні лот паднімае сваю ракетку і той маладзён пад гальштукам. Паступова адсейваюцца ракавец, менчукі, агенткі... Трымаюцца Ігнат і «гальштучны». Хлопец у белай кашулі заўважна бляднее.

Старшынька сельсавету аж ззяе ад шчасьця мала ня скача на сваім крэсьле: яшчэ б, зноў цана ўзрасла ў 4 разы!

«Парень, где ты работаеш?» – нарэшце не вытрымвае Ігнат і апускае ракетку. Аўкцыён заканчыўся.

Зьдзіўлены, але бяскомплексны Ігнат адразу ж падыходзіць да маладога чалавека, які набыў апошні ўчастак. Аказваецца, ён, Ігнат, яшчэ не купіўшы, ужо знайшоў пакупніка з Расеі на гэты кавалак, і зьбіраўся яго перапрадаць. Але па такой цане яму гэта ўжо невыгадна... «Слышь, парень, а еслі даст дороже на пять штук, продашь? — «Не, мы будзем будавацца», — адказвае той. – Ты, парень, наверное, із БНФ? – здагадваецца Ігнат. — Вечерка там, да? — Не, не з БНФ. Ня ўсе яшчэ, хто беларусы, у БНФ», — адказвае хлопец, пасьміхнуўшыся. Ігнату гэта зразумела, ён ківае галавой і адразу ж прапаноўвае суразмоўцу ў арэнду «трошку» — супэрвялікі пагрузчык, безь якога будоўлі не бываць...

У канторы, дзе я пішу заяву на вяртаньне аўкцыённага закладу, герой дня падпісвае паперы.

— Вы, мусіць, з гэтай вёскі, — зьвяртаюся я да яго.

— Дзед адсюль, — адказвае ён.

Вечарам, за вячэрай, расказваю сямейнікам пра аўкцыён, пра будучага магната Ігната і сьціплага ягонага беларускамоўнага канкурэнта.

— І вось што, дзеці, я вам скажу. На наступны аўкцыён выстаўляецца лужок, дзе летам мы бачылі плянтачку шпажніка. (А шпажнік, дарагія чытачы, гэта, калі хто не ведае, такая прыгажэнная кветка, вельмі падобная на гладыёлус у мініятуры, прычым колер яе цяжка нават апісаць – як быццам бесклапотнае полымя. Сустракаецца яна цяпер вельмі нячаста.)

— Хачу лужок са шпажнікам! – заяўляе старэйшая.

— Будавацца там нязручна зусім, таму, магчыма, цана і ня будзе высокай... Але ж бяда як раз у тым, што за 3 гады трэба пабудавацца, а то адбяруць зямлю назад – такія ў нас законы.

— А навошта будавацца? — не разумее дачка. — Не хачу будавацца. Хачу мець чысты лужок са шпажнікам, і жыць там у палатцы летам.

— Няможна.

Зямлю можна набываць толькі для будоўлі. Такія ў нас законы.

Сярэдняя (9 год), адкусіўшы галубец, з поўным ротам заяўляе:

— А ты, мама, купі той лужок, тры гады нічога не рабі, а потым падорыш яго тату, а тата яшчэ праз тры гады – мне, а потым, можа, і закон адменяць.

Дзіця індыга!

І мы вырашаем паспрабаваць набыць лужок.

Я ня гуру, і таму не ведаю адказаў на пытаньні як жыць, як любіць, як гуртавацца. Шчыра кажучы, я ніколі і не задаю сабе падобных пытаньняў.

Але цьвёрда ведаю, што

варта набываць зямлю ў нашым Ерусаліме.

Успамінаецца сад Марыі Вайцяшонак у Іслачы і яе рукі.

І сярэднявечны падворак Валі Лойкі ў Весьнянцы і яе рукі.

І мае бацькі.

І зарослыя неўтаймавальным баршчавіком рэчышчы.

І вежкі вэлкам-эмтээс уздоўж далягляду.

І стаіць перад вачыма маленькая постаць хлопчыка-хутараніна, на гразкай дарозе паміж вёскамі Караблі і Пугачы, з заплечнікам, на тле восеньскага неба.

Наталка Бабіна

0
Янка / Адказаць
21.10.2008 / 10:23
Дзякуй за добры артыкул. Прывітаньне вашай сярэдняй :)
0
Filifionka / Адказаць
21.10.2008 / 11:04
Брава. Як сама паезьдзіла.
0
C.См. / Адказаць
21.10.2008 / 11:29
Прыгожа напісалі, Натальля, дзякуй! Адно што дарэмна сказ пра Васэрмана ўставілі - банальна, бо што ён за птах такі, каб на яго яшчэ ўвагу зьвяртаць. Да таго ж сказ некарэктны, бо ён не дыялект адмаўляе, а мову. Удачы Вам! У дзяцей галовы сьветлыя...
Паказаць усе каментары/ 24 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру