Яшчэ раз па тэме #пакетнада. Вось толькі што вярнуўся з «Рублёўскага». Выбіраючы садавіну і агародніну, пастараўся зрабіць усё, каб у касіраў не было ніякай падставы «па змоўчанні» ўкладаць прадукты ў бясплатны пакет падчас зважвання. Цыбуліну ўзяў толькі адну і чыстую, грушкі — дзве, таму ўкладанне гэтага ў пакеты было зусім нелагічным. Але не. Касірка, узяўшы цыбуліну, імгненна ўклала ў пакет. Кажу: «Навошта? Тут зусім не патрэбны пакет». Нуль рэакцыі, дакладней, касы злосны спагляд, у якім прачытвалася: «Ідыёт, ці што?». Кажу грамчэй і настойлівей: «Навошта ўкладваць у пакет, не трэба пакета». Касірка са злосцю вымае цыбуліну, пакет камячыць і шпурляе ўбок, цыбуліну кладзе на вагу і, кіўнуўшы на індыкатар, кажа: «Ну и что? Столько же завесило». Мне тады дайшло, наколькі ідыятычны ў яе вачах мусіў быць такі кліент, як я: не хоча браць пакецік, бо баіцца, што цыбуліна з пакецікам будзе важыць на пару міліграмаў больш.

Нейкі час таму была аналагічная сітуацыя, з той толькі розніцай, што палеміка адбывалася не з касіркай, а з іншым пакупніком, што стаяў за мной у чарзе. На маю заўвагу ў адрас касіркі, што «пакецік не трэба», пакупнік той, як дасведчаны гараджанін недалёкаму вяскоўцу, паведамляе: «Он бесплатный». Кажу: «Но не экологичный». Той на дзве секунды сканфузіўся, але хутка дайшоў да сябе і прадоўжыў насмешліва: «И что это изменит?» Крыху пазней ківае на пакет, прынесены мной з хаты і працягвае ў дэмаскатарскім духу: «А вот что это вы какой-то неэкологичный пакет носите». Кажу: «Каб дбаць пра планету, фанатызм не патрэбны, дастаткова дзейнічаць у межах простых магчымасцяў».

Да чаго гэта я. Да таго, што ўсё гэта — дробязі, але яны вельмі напружваюць. А маглі б не напружваюць. Дастаткова было б, каб зялёныя актывісты правялі пару размоваў з кіраўніцтвам супермаркетаў і растлумачылі, што гандлёвыя цэнтры ці крамы абсалютна нічога не губляюць, калі дадуць інструкцыю касірам не навязваць пакеты кліентам і тактоўна ставіцца да тых кліентаў, якія адмаўляюцца ад бясплатных пакетаў.

А цяпер адмысловы пасус для тых, хто мае напагатове закід у мой бок: «Дык вазьмі і сам гэта зрабі». Не, я не буду гэтага рабіць па наступных прычынах:

1) Для такіх размоў пажадана адпаведная порцыя ведаў на тэму экалагічных наступстваў бяздумнага раздавання пакецікаў. У мяне гэтыя веды павярхоўныя, у зялёных актывістаў (як мяркую) — глыбокія.

2) Пажадана распавесці пра досвед іншых краін, у якіх супермаркеты вызначаюцца экалагічнай уразлівасцю. Актывісты гэта зробяць лепш за мяне.

3) Пажадана мець досвед такіх размоваў і свядомасць, што аднадумцы-актывісты стаяць за табой. У зялёных актывістаў гэта ёсць, у мяне — няма.

4) Дзясяткі тысяч гадоў назад чалавецтва вынайшла цудоўную рэч: падзел працы. Гэтая вынаходка цудоўна працавала шмат вякоў і не бачу прычын, па якіх трэба ад яе адмаўляцца. У мяне асноўная сфера дзейнасці іншая, і ў найбліжэйшай будучыні не маю намеру перакваліфікоўвацца ў экалагічнага актывіста, аналагічна як не маю намеру ўступаць у арганізацыю па барацьбе са СНІДам, хоць гэта таксама надзвычай важна і актуальна.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?