У ходзе выставы «СМІ ў Беларусі 2018» карэспандэнт «Нашай Нівы» пагаварыў з кіраўніком Белтэлерадыёкампаніі Іванам Эйсмантам.

Іван Эйсмант. Фота Сяргея Гудзіліна.

Іван Эйсмант. Фота Сяргея Гудзіліна.

Найперш, мы пацікавіліся, чаго бракуе беларускім каналам. 

«Як павысіць якасць кантэнту так, каб мы маглі не толькі ў вялікай ступені адмовіцца ад замежнага кантэнту на ўласных тэлеканалах, але і выйсці на рынкі суседніх краін. Чаму не ўкраінцы ў нас купляюць праграмы, а мы ў іх?», — так гучала пытанне.

«Праблемы тут глыбінныя, — сказаў Эйсмант. — Гаворка і пра памер рэкламнага рынку, аб'ём сродкаў у індустрыі, і пра кадры — многія з'ехалі ў Расію і Украіну. Нам і чыста фізічна трэба пашырацца, каб было дзе вырабляць гэты кантэнт. Тут гаворка таксама і пра факультэт журналістыкі, які мусіць рыхтаваць больш кадраў, скіраваных на сучасны, якасны прадукт. Груба кажучы, трэба вучыць іх не газету вярстаць, а вучыць, як дапамагчы тэлебачанню зрабіць крок наперад, калі студэнт туды трапіў. Гэта цэлы комплекс такі пытанняў, якія патрабуюць вырашэння, калі мы гаворым пра здольнасць канкураваць. Гэта не залежыць ад аднаго хуткага рашэння, тут доўгая размова, дзе трэба па палічках раскладваць. Але мы маем разуменне, што трэба рабіць, і пакрысе ідзем у гэты бок». 

Таксама мы паставілі пытанне пра дзіцячы кантэнт. 

«У незалежнай Беларусі няма дзіцячага канала, няма ўцямных дзіцячых праграм. Што мы маем? Мядзведзіка Топу і Калыханку, усяго толькі, дык калі чакаць зрухаў?» — пацікавіліся мы. 

«Мне вельмі хочацца, каб і дзіцячы канал быў, каб і пра прыроду быў канал. Але гэта будзе залежаць ад таго, як мы будзем развівацца. Гэта ж будзе такі канал, які не прынясе ніякага прыбытку. Ёсць ужо «Беларусь 3» і «Беларусь 5», якія ўтрымлівае Белтэлерадыёкампанія. Пакуль высілкі скіраваныя на тое, каб зрабіць больш якаснымі існуючыя каналы, а потым падступацца і да тых пытанняў, што вы акрэслілі. Я ж не супраць! У дзяцей павінен быць свой канал», — адказаў Іван Эйсмант. 

Ён адразу абазначыў спосаб, як гэтую сітуацыю можна змяняць проста цяпер, калі ёсць людзі, гатовыя гэтыя мульцікі рабіць. 

«У эфіры Белтэлерадыёкампаніі шмат праграм, якія робяцца не Белтэлерадыёкампаніяй. Мы іх купляем. Таму, калі хто можа, адчувае сілы рабіць мульцікі, то хай дашлюць нам заяўку, мы яе разгледзім, абвесцім творчы конкурс… Калі гэта будзе рабіцца для тэлеканала Беларусь-3, то ніякіх пытанняў тут няма ўжо сёння», — запэўніў кіраўнік холдынга. 

Таксама мы спыталіся, у чым адрозненне БТ Эйсманта ад БТ Давыдзькі, але той не змог адказаць, спаслаўшыся на недастатковы час у крэсле кіраўніка для аналізу. 

«Ці справядліва, што ў Беларусі няма недзяржаўнага тэлеканала?» — спыталіся таксама мы.

«Мне цяжка адказаць, не ў маёй гэта кампетэнцыі. Напэўна, [несправядліва]. Але калі казаць пра канкурэнцыю, то яе хапае: ёсць СТБ, АНТ. Але ў кабельных сетках транслююцца дзясяткі, сотні каналаў. Гэта наўпроставыя нашыя канкурэнты», — выказаўся Эйсмант. 

Дык чаму беларусы ў большай ступені глядзяць і давяраюць расійскім каналам, у якіх абсалютна іншы парадак дня? 

«Гэта ў людзей трэба спытаць, чаму ў НТВ доля вышэйшая, гэта пытанне не да мяне», — адказаў кіраўнік БТ. 

Апошняй тэмай яго разваг стаў інтэрнэт. Як дзяржаўныя медыі павінны сябе ў ім паводзіць? 

«Нам трэба актыўней. Вы, дарэчы, трохі крывадушыце, калі публікуеце свой рэйтынг наведвальнасці. Ён аб'ектыўны, але ў нас жа карпаратыўны сайт, не навінавы. Ён расказвае пра кампанію, людзей, праекты, не прыцягвае ўвагу чытачоў. Але нам трэба быць больш актыўнымі, гэта праўда», — падсумаваў Эйсмант.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?