Журы абвясціла вынікі прэміі за найлепшую кнігу для дзяцей і падлеткаў.
Лаўрэатамі Прэміі Цёткі зрабіліся Валеры Гапееў, аўтар кнігі «Мая мілая ведзьма» (у намінацыі «Найлепшы твор для дзяцей або падлеткаў»), і мастачка Лізавета Лянкевіч, якая праілюстравала кнігу «Азбука. Вясёлы вулей» Рыгора Барадуліна (у намінацыі «Найлепшае мастацкае афармленне»). Цырымонія ўзнагароджання прайшла 3 траўня ў Культ. цэнтры «Корпус».
Пераможцы ў кожнай з намінацый атрымалі грашовую ўзнагароду, эквівалентную 2000$.
Журы таксама адзначыла найлепшыя працы ў абедзвюх намінацыях і склала два шорт-лісты.
Літаратурны спіс:
1. Раіса Баравікова. Пра кашэчага караля Варгіна і мышку Паднорку: казкі з міфалагічнага люстэрка. «Звязда», 2017;
2. Вольга Гапеева. Дзве Авечкі. «Галіяфы», 2017;
3. Валеры Гапееў. Мая мілая ведзьма. «Мастацкая літаратура», 2017;
4. Сяргей Прылуцкі. Далоў дарослых! «Люта справа», 2017;
5. Людміла Рублеўская. Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата: раман прыгодніцкі і фантасмагарычны. «Звязда», 2017;
6. Аксана Спрынчан. Смачная кніга. «Мастацкая літаратура», 2017.
Мастацкі спіс:
1. Bazinato — Л. Вольскі, А. Глобус, А. Хадановіч. Казімір Малевіч для дзяцей. «Логвінаў», 2017;
2. Марта Герашчанка — В. Гапеева. Дзве Авечкі. «Галіяфы», 2017;
3. Кацярына Дубовік — Дж. М. Бары. Пітэр Пэн. «Кнігазбор», 2017;
4. Кацярына Дубовік — Л. Кэрал. Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса. «Галіяфы», 2017;
5. Ян Жвірбля — В. Быкаў. Сваякі. «Кнігазбор», 2017;
6. Лізавета Лянкевіч — Р. Барадулін. Азбука. Вясёлы вулей. «Кнігазбор», 2017;
7. Анастасія Сакалоўская — У. Марук. Яршы плялі кашы. «Мастацкая літаратура», 2017;
8. Анна Сарвіра — С. Прылуцкі. Далоў дарослых! «Люта справа», 2017;
9. І. Стахіевіч — В. Акудовіч, Л. Вольскі, А. Глобус, Г. Кісліцына, А. Хадановіч. Мастацтва Беларусі ХХ стагоддзя. Віцебская школа. «Логвінаў», 2017;
10. Марта Чарнова — М. Чаракова. Смелая дзяўчынка. «Поппури», 2017.
У склад мастацкага журы сёлета ўвайшлі Васіліса Паляніна, Валерый Славук, Павел Татарнікаў.
Сябрамі літаратурнага журы Прэміі Цёткі сталі Пятро Васючэнка, Вера Жыбуль (Бурлак), Вольга Мазурава, Алена Масла і Андрэй Хадановіч.
Прэмія была заснаваная ў 2015 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам, фондам «Вяртанне» і Саюзам беларускіх пісьменнікаў. Папярэднія пераможцы прэміі: Надзея Ясмінска, аўтарка кнігі «Сем ружаў», і Кацярына Дубовік — яе ілюстратарка (выдавецтва «Галіяфы»), а таксама Уладзімір Арлоў і Павел Татарнікаў з кнігай «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі» (выдавецтва «Тэхналогія»).